Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 122
Сергей Песецкий
— Хм… хм… «адведаць дарагога дзядзьку».
— Так, адведаць, спытаць пра здароўе і даведацца, калі адыходзіць першы цягнік на Берасьце.
— Ты збіраешся ехаць у Берасьце?
— Так. Хачу пасьпець хаця б на абед, бо яшчэ ня сьнедаў.
— Хм, ня сьнедаў… — мармытаў дзядзька. Пасьля пакорна махнуў рукою і сказаў: — Пасьнедаць можаш у мяне, бо цягнік адыходзіць толькі ўвечары.
Дзядзька загатаваў вады і запарыў гарбаты. Паставіў на стале талерку з тонка пакроенай чэрствай булкаю, трохі масла на сподачку і цукар у слоіку.
— Ну, і чаму не распранаешся? Здымай паліто! — зьвярнуўся да мяне.
— Я хачу пайсьці купіць гарэлкі й нечага на закуску. Бо гэта, — паказаў на стол, — на мой апэтыт заслаба.
Дзядзька засоп і некалькі разоў паўтарыў: «Заслаба! Бачыш, яму заслаба!»
— Ведаеце, дзядзька, што? — сказаў я, вымаючы з кішэні партманэт з грашыма. — Пашліце каго ці самі схадзіце і купіце на тысячу марак вяндліны альбо чаго іншага. А тут чатырыста марак на гарэлку.
— Гарэлка каштуе чатырыста пяцьдзясят за бутэльку, — сказаў дзядзька.
Я дадаў пяцьдзясят марак. Дзядзька ўзяў футра. На галаву ўсклаў каракулевую шапку і сказаў мне:
— Ну, хадзем!
— Я пачакаю ў хаце.
— Я хачу для пэўнасьці, каб ты пачакаў на падворку. Там ёсьць лавачка.
Мы выйшлі з хаты. Дзядзька старанна зачыніў дзьверы на ключ, а пасьля навесіў на прабой вялізную калодку. Навесіўшы, ён паторгаў за яе, ці моцная, матлянуў мне галавою і сышоў. Я сеў на лавачцы і закурыў цыгарэту.
Дзядзька Ян быў некалі вельмі заможным чалавекам. Я чуў гэта ад бацькі. У яго быў маёнтак на Украіне. Пасьля ён страціў яго. Потым з рэшткамі капіталу асеў у Пружанах. Займаўся крыху ліхвярствам, быў вельмі практычным і скупым. Бацька мой выказваўся пра яго адмоўна. Называў яго скнарам.
Неўзабаве дзядзька вярнуўся. Мы ўвайшлі ў хату і селі за стэл. Дзядзька ахвотна еў, а яшчэ больш ахвотна спаражняў чаркі з гарэлкаю. Але так, як і Павел у Баранавічах, страшна наракаў на галечу, на цяжкія часы, на дарагоўлю. Падчас нашай размовы я сказаў яму, што еду з Баранавіч і нават купіў квіток да Берасьця, але перарваў падарожжа, каб яго адведаць.
— Пакажы квіток! — сказаў дзядзька.
Я падаў яму квіток. Ён агледзеў яго недаверліва і спытаў:
— Адкуль ён у цябе?
— Як гэта, адкуль? Купіў у білетнай касе.
— Дык ты едзеш першай клясай?!
— Толькі першай, — сказаў я нядбайна.
— Цьфу, якая неразважлівасьць! — раззлаваўся дзядзька.
— Чаму?
— Можна ж выдатна даехаць і трэцяй клясай!
— Гэта якраз і было б неразважна. Я люблю ехаць з камфортам. Выспацца. Дыхаць чыстым паветрам.
— Ці ты ведаеш, — сказаў дзядзька ўзбуджана, — колькі работнік мусіць працаваць, каб зарабіць гэтулькі, колькі ты плаціш за білет першай клясы з Баранавічаў да Берасьця?!
— Гэта мяне ня тычыцца, — сказаў я. — Хто шмат працуе, той мала мае.
— Мог бы тыя грошы зьбіраць, адкладаць.
— А навошта? Каб я пасьля здох, а грошы засталіся для якой-небудзь дрэні. Хачу сам іх спажываць.
Дзядзька быў абураны. Соп. Круціў галавою. У наступнай размове ўспамінаў, што мой бацька быў вінен яму дзесяць рублёў, якія некалі даўно пазычыў у яго. Наракаў на кароткую памяць і нядбальства майго бацькі. Тады я сказаў, што якраз бацька прасіў мяне, у адным зь лістоў, каб я аддаў яму доўг. Я дадаў, што гэта галоўная прычына маіх адвезін, бо я хацеў даўно гэтую справу рашыць, але не было магчымасьці. Дзядзька вельмі ўсьцешыўся.