Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 125
Сергей Песецкий
З хмары тытунёвага дыму, дзе была схаваная галава землеўласьніка, выцягнуўся да мяне бліскучы на далоні дыямэнт і выпаліраваны пазногаць указальнага пальца.
— …Кожны з нас меў ззаду доўгі конскі хвост. Жанчыны таксама. Усе аглядаліся назад… на ўласныя хвасты. Я таксама азіраўся і з прыемнасьцю бачыў, што маю доў-ўгі, чо-орны, пу-ушысты хвост. Я спрабаваў ім паварушыць і закідваў яго на сьпіну…
Уяўляючы сабе гэткі вобраз, я шырока пасьміхнуўся, пазіраючы ў клубы дыму, зь якога гучаў голас землеўласьніка. Тады з гэтай хмары паказалася вялікая галава зь зьвісаючымі ўніз, як у бульдога, куткамі губ. Мутныя, прыжмураныя вочы ўгледзелі маю ўсьмешку і хітра бліснулі. Але аповед не перарваўся.
— …Вы здагадваецеся, што адбылося далей?
— Адкуль?
— Та-ак… Раптам я пачуўся жарабцом. Дужым, моцным, поўным крыві і агню жарабцом. І цалкам набыў яго выгляд. Але сьвядомасьць меў чалавечую. Так… Тады я заўважыў, што каля мяне імчыць кабыла. Белая як малако. З цудоўнымі формамі… Я разьбіраюся ў конях і люблю іх. Бачыў іх шмат. Але такой прыгожай кабылы не надаралася мне пабачыць. Але заўважыў, што кабыла падчас бегу кідае на мяне скоса залётныя погляды. Я пабег да яе. Яна зьмяніла кірунак, як бы дражнячы мяне і заахвочваючы да гонкі. Я памчаў за ёю. Некалькі разоў быў блізка, але кабыла спрытна зьмяняла кірунак. Адчуваў пах яе поту і ўзбуджаўся ўсё больш. Пачаў наганяць яе са злосьцю. Нарэшце, амаль ашалелы, дагнаў яе. Яна затрымалася і…
Вочы землеўласьніка расшырыліся.
— …Я меў хвіліну такой шалёнай асалоды, якой ня ведаў у сапраўдным жыцьці.
Я трохі прысаромлена маўчаў. «Чорт знае, што за тып! Расказвае нешта такое незнаёмаму чалавеку». Землеўласьнік пэўны час маўчаў. Пасьля ізноў узяў цыгарэту і пакрыўся хмараю дыму. Ізноў загучаў яго бас.
— І ведаеце што? Я знайшоў генэзіс свайго сну. Так… Знайшоў. Аднаго дня я ішоў калідорам у доме адміністратара майго маёнтка. Там таксама ёсьць канцылярыя. Адны дзьверы не былі зусім зачыненыя, і я пачуў з-за іх нейкае хіхіканьне і ўрыўкавыя, нэрвовыя словы. Гэта мяне зацікавіла: у чым справа? Я затрымаўся, прыадчыніў яшчэ больш дзьверы і ўбачыў ля акна трох дзяўчынак, дачок адміністратара. Ім было ад пятнаццаці да сямнаццаці год. Такія цяляткі. Сплеценымі рукамі прыхіліліся яны да акна і назіралі за нечым цікавым, што рабілася на падворку. Я падаўся назад, пайшоў у канцылярыю і таксама выглянуў праз акно. І ведаеце, што я ўбачыў? Кабылу, якую прывялі да пакрыцьця. Жарабца падводзілі да яе на цуглях. Ну і так далей…
Землеўласьнік доўга маўчаў. Пасьля сказаў цяжка, неахвотна:
— Здаралася, што пасьля я гэта ўспамінаў. Думаў, што жыцьцё маё засталося за мною і я ня выкарыстаў яго як належыць. Мне было шкада самога сябе. Так… Гэта якраз і быў генэзіс майго сну.
Выпушчаная пара і іскры лякаматыву лятунь у змрок і прастору. Цягнуць за сабою жалезнае бруха цягніка. У вагонах едуць бясьсільныя людзі, залежныя ад вачэй і рук машыніста, ад спраўнасьці лякаматыву. Здараюцца між імі й такія размовы, як мая зь землеўласьнікам.