Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 124
Сергей Песецкий
— Пачакай тут, — сказаў. — Зараз падыдзе.
Неўзабаве пачуў здаля сьвіст лакаматыва. Пасьля вынырнулі зь цемры яго ліхтары. Набліжаючыся да нас, цягнік сапраўды зьменшыў хуткасьць. Нарэшце каля мяне прасунулася чорнае цела лякаматыву. Чыгуначнік крыкнуў нешта мне. Я не зразумеў, бо словы заглушыў ляскат колаў і сыканьне пары. Я чакаў апошняга вагону. Пачаў бегчы каля яго. Калі парэнчы параўняліся са мною, схапіўся іх і пабег яшчэ хутчэй. Пасьля падскочыў. Здолеў і другою рукою ўхапіцца за парэнчы. Ногі мае абаперліся аб сходы. У цягніку адшукаў кандуктара і вырашыў справу з квітком. Пасьля пайшоў да названага мне купэ першай клясы. Усярэдзіне ўбачыў мужчыну, які спаў на ніжняй канапе, накрыты пледам. У яго быў шырокі твар, высокі лысеючы лоб і сівыя валасы. Ён расплюшчыў вочы. Я сказаў:
— Выбачаюся, што перашкодзіў.
У адказ пачуў напачатку бульканьне і храпеньне ў горле, пасьля з грудзей яго зьявіўся нізкі, цяжкі і нібы вогкі бас. У мяне было ўражаньне, што мне гаворыць чалавек, якога душаць за горла.
— Не-е… Я ня спа-аў. Прачнуўся ра-аней. Якая станцыя?..
— Лінава.
— Ага… Вы да Бера-асьця ці да Варша-авы?
— Да Берасьця.
Мужчына працягнуў з-над пледу вялікую, пухлую далонь. На адным пальцы быў вялікі пярсьцёнак з радавым гербам, на другім вялікая жуковіна з дыямэнтам.
— Я… — вымавіў ён прозьвішча і дадаў: — Уласьнік дуброваў у Люблінскім ваяводзтве.
Я назваў сваё прозьвішча і паціснуў мяккую, тоўстую, спацелую далонь. Разьмясьціўся насупраць яго. Землеўласьнік выняў з валізачкі вялікі срэбраны партсігар і пачаставаў мяне цыгарэтай. Я падаў яму агню і таксама закурыў.
— Вы верыце ў сны? — спытаў ён мяне неспадзявана.
— У сны? Ня ведаю. Я збольшага ня памятаю сноў.
— Вы малады. Малады… А я ў кожнай ночы сьню сны. Задрамлю і ўжо… Якраз перад вашым прыходам я сьніў сон, цікавы сон. Старыя і бязьдзейныя людзі любяць корпацца ў снах.
— Прымхі.
— Ну, не… Трэба глядзець на іх мудра. Сон для псыхалягічнага здароўя чалавека зьяўляецца тым, чым, напрыклад, пот для фізычнага здароўя.
— Я ніколі над гэтым не разважаў.
— Вось жа, я сьніў такі сон… тут перад вашым прыходам… — гучаў з хмары тытунёвага дыму нізкі бас.
Ня ведаю чаму, мне прыгадаўся малюнак з падручніка рэлігіі, на якой Бог на гары Сінай дае Майсею дошку з 10 запаведзямі. Там былі хмары, маланкі, грозная постаць Бога. А бас землеўласьніка калыхаўся далей:
— Я імчаў зусім голы, у атачэньні іншых… таксама голых мужчын і жанчын, берагам возера. Было вельмі цёпла і надзвычайна ясна. Трава выглядала як сіні дыван, вада ў возеры — як сталёвае мутнае люстра. І дзіўная рэч…