Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 120

Сергей Песецкий

У мяне не было сумненьняў, што ўчора ўвечары я быў тут. Але як Павел мог нешта падобнае зрабіць? Гэта жахліва! Намовіў прастытутку ці дзяўчыну лёгкіх паводзінаў, каб удавала яго нявесту, і гэткім чынам выцягнуў у мяне грошы на шлюб. Мяне не цікавілі грошы, якіх у мяне было шмат і якія я сам ахвотна даваў, калі меркаваў, што могуць нейкаму добраму чалавеку палегчыць жыцьцё. Але засмуціла мяне подласьць даўняга сябра.

Я пачаў уважліва прыглядацца да дзяўчыны. Яна заўважыла гэта і расчырванелася. Калі пазьней я выходзіў з хаты, я ўбачыў у сенях сталярскую пілу, што вісела на сьцяне, аб якую я ўчора падрапаў сабе далонь.

Разьвітваючыся, я сказаў дзяўчыне, асабліва акцэнтуючы словы:

— Вялікі вам дзякуй за прыемна праведзены тут час.

Амаль з жахам яна пазірала мне ў вочы. Можа, адчула, што я нешта падазраю. Але Павел гэтага не заўважыў.

Вечарэла. Ішоў з Паўлам вуліцамі, гэтаксама цёмнымі, як учора. Мне не карцела размаўляць. Я не прапанаваў яму, каб ён зайшоў да мяне.

— Ты не казаў мне, як доўга тут будзеш, — мовіў Павел перад адыходам.

— Бо сам ня ведаю.

— Шчасьлівы чалавек! Маеш уладу над сваім часам. А я прывязаны да працы, як конь да бегавой дарожкі.

Я адказаў яму:

— Я ведаю шмат людзей у Вільні, зарэгістраваных на Біржы працы, якія моляць «прывязаць» іх да якой-небудзь дарожкі. Але не для ўсіх ёсьць месца.

Мы разьвіталіся да заўтра. Павел сказаў, што прыйдзе да мяне толькі пасьля працы. Я пайшоў у гатэль і доўга сядзеў у цемры. Мне не хацелася запальваць сьвятло. А горад абрыд мне яшчэ больш. На яго падаў цень дрэннага і подлага ўчынку даўнейшага прыяцеля. Я заплаціў за пражываньне ў гатэлі і пешкі падаўся на вакзал. Цягнуўся па гразі вуліцамі, пасьля сьцежкаю каля шашы. Цяжка было выгнаць з думак Паўла і яго «нявесту».

На вакзале, часова арганізаваным у драўляных бараках, я даведаўся што цягнік да Берасьця адыходзіць толькі а першай ночы. Мне давялося чакаць некалькі гадзін. Пайшоў у буфэт і ўзяў вялікі куфаль піва. Пасьля сеў за столікам і сонна назіраў за людзьмі, што знаходзіліся ў залі. Каля майго століка сядзеў чыгуначнік, які піў гарбату і еў хлеб з маслам, загорнуты ў паперу. Пасьля ён пачаў праглядаць нейкія блянкі. У нейкі момант ён скруціў цыгарку і хацеў запаліць, але ня меў агню. Ён падышоў да мяне і папрасіў запалак:

— Забыўся дома. Хацеў купіць у буфэце, але няма.

Даў яму агню. Ён падзякаваў і спытаў, ці можа прысесьці да майго століка. Я ня меў нічога супраць гэтага. Неўзабаве мы пачалі размаўляць. Выявілася, што чыгуначнік паедзе тым самым цягніком, які чакаю і я. Падчас размовы я спытаў яго: