Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 117
Сергей Песецкий
Цягнік затрымаўся ў Лідзе, на палове дарогі да Баранавіч. Была гэта вузлавая станцыя, і цягнік тут стаяў даўжэй. Я пайшоў у буфэт і выпіў гарбаты. Зь цікаўнасьцю аглядаў вакзал, на якім нядаўна быў з Сабадам. Я не баяўся, што нехта пазнае мяне. Бо хто ж мог пазнаць у сьціпла і добра адзетым маладым мужчыну таго селяніна, кудлатага, няголенага, нязграбнага, з торбаю пад пахаю і пугаю ў руках? Тая сытуацыя і ўсё, што пасьля здарылася, нават мне самому падавалася дзіўным і амаль несапраўдным. Я ня мог зразумець, як я здолеў некалькі гадзінаў граць ролю дурнога селяніна і ўводзіць у зман мноства спрытных людзей. А ў звычайным жыцьці ня ўмею лгаць і мне не прыходзіла да галавы думкі некага ашукаць. Я саромеўся нават настойліва прыпамінаць пра тое, што мне належала… А той крадзеж? Дробны, але крадзеж! Але ці жыў я тады нармальна? Ці ня быў я ў сытуацыі вернага сабакі, якога гаспадар раптоўна перастаў карміць? А тыя грошы… Яны ня мелі для мяне вартасьці, ня цешылі. Былі ня толькі чужымі, але і марнымі. Нават агіднымі. Калі ў мяне былі ўласныя грошы, добра заробленыя, я цаніў іх. Шанаваў кожную рэч, якую за іх набыў. Задумваўся над выдаткамі. А цяпер не засмуціўся б, калі б яны згінулі.
У Баранавічы я прыехаў увечары. Узяў брычку і загадаў ехаць у гатэль.
— У які? — спытаў рамізьнік.
— У добры.
— Можа, у «Новарасійскі»?
— Добра.
Гэты «добры» гатэль быў зусім нікчэмны. Зрэшты, у Баранавічах лепшых не было. Я спытаў уласьніцу гатэлю, жыдоўку, ці можна каго паслаць, каб аднесьці ліст. Яна сказала, што пашле хлопца. Я напісаў Паўлу, што прыехаў у Баранавічы на некалькі дзён і хачу яго пабачыць. Я прасіў, каб ён адведаў мяне заўтра а другой па поўдні і паабедаў са мною. Павел жыў на вуліцы Шырокай, недалёка ад гатэлю. Мне карцела нават пайсьці да яго, але я хваляваўся, што спраўлю клопат сябру. Я хацеў яго папярэдзіць. Я даў хлопцу ліст і дзьвесьце марак за турботы. Я прасіў, каб ён зараз жа аднёс і калі застане адрасата дома, пачакаў адказу. За паўгадзіны хлопец вярнуўся і ўручыў мне складзеную ў некалькі разоў паперку. Павел пісаў:
«Дарагі Міхасю!
Я вельмі цешуся, што ўбачу цябе. Я вызвалюся заўтра раней з працы і дакладна а другой прыйду да цябе.
Сардэчныя вітаньні, Павел».
Назаўтра я абудзіўся раней. Пайшоў агледзець горад, які зрабіў на мяне сумнае ўражаньне. Я спадзяваўся, што ўбачу ў ім нешта цікавае, але не пабачыў. Мне не трапіўся аніводны харошы будынак. Малыя, аднапавярховыя дамкі, пераважна драўляныя, нязьменна шэрыя, панурыя, сярод патанулых у брудзе вуліц, зь якіх толькі дзьве былі выбрукаваныя. Ходнікі былі з дошак і дзе-нідзе з цэглы. Паўсюль была гразь, а ў ёй швэндаліся козы, вельмі задаволеныя з гэткага стану рэчаў. Цэнтар гораду — вялікі рынкавы пляц — быў вялікай калюгай, у якой адбіваліся як у люстры дамы, што стаялі ўздоўж рынку. Я вярнуўся ў гатэль раней, чым зьбіраўся, і чакаў Паўла. Ён прыйшоў дакладна а другой. Калі ўбачыў мяне, разьвёў шырока рукі і закрычаў: