Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 115

Сергей Песецкий

Пасьля лёг спаць, але доўга ня мог перапыніць вір думак. Я канчаткова вырашыў, што ранкам зьеду зь Вільні.

Я паводзіў сябе так, быццам мяне шукала паліцыя. Ішоў асьцярожна вуліцамі, уважліва аглядаючы ходнікі перад сабою. Калі ў пэўным месцы я заўважыў вядомага мне агента Сьледчай службы, я зайшоў у парадны ўваход камяніцы і пачакаў, пакуль той ня пройдзе. Найперш пайшоў у краму і купіў добрае, цёплае восеньскае паліто; яно было лёгкае, але магло замяніць зімовае паліто. Пасьля купіў капялюш. Я звычайна хадзіў у гарнітуры і спартовай кепі. Цяпер капялюш і восеньскае паліто замянілі мой выгляд.

Пасьля я пайшоў да Колькі. Засьпеў яго ў ложку. Мне падалося, што сёньня сябар выглядае лепш. Сказаў яму пра гэта.

— Пачуваюся лепей, — сказаў сябра. — Уночы я добра спаў і ранкам мог зьесьці лёгкі сьняданак. Быў лекар. Забараніў піць гарачыя напоі.

— Што яшчэ сказаў лекар?

— Што я павінен лячыцца. І ўжо цяпер.

— Я прынёс табе грошы. Але дай мне слова, што паедзеш у Закапанэ.

Колька з удзячнасьцю пазіраў на мяне. Але ён ня думаў, што сума будзе вялікая. Відаць, ён меркаваў, што я дам яму некалькі дзясяткаў тысяч. Тады я сказаў:

— Прынёс табе чатырыста тысяч. Гэтага хіба хопіць табе нават на паўгоду.

— Нават на год.

— Дык паедзеш?

— Ну ясна. Але што будзе з гэтымі грашыма? Як ты сабе дасі рады?

— Пра мяне не клапаціся. У мяне яшчэ шмат. А ты павінен ратаваць здароўе.

— І жыцьцё, — сказаў Колька. — Крывацёк быў вельмі небясьпечны.

Я сказаў сябру, што адчуваю для сябе тут пагрозу і хачу на пэўны час зьехаць зь Вільні. Ен спытаў мяне, ці буду я праяжджаць праз Баранавічы. Ен зьбіраўся даць мне адрас майго сябра Паўла, зь якім я сябраваў у дзяцінстве. Колька абяцаў мне, што як толькі здолее ўстаць з ложка і лекар дазволіць яму падарожжа, паедзе ў Закапанэ. Мы разьвіталіся.

Мне прыйшло да галавы, што можа здарыцца, што я ўжо няхутка вярнуся ў Вільню. Я збіраўся захаваць свой пакой у Жубжынскай і заплаціць плату за кватэру за год. Я не хацеў, аднак, ісьці да гаспадыні, бо яна абавязкова выпытвала б мяне, чаму я хачу заплаціць за такі вялікі тэрмін. Акрамя таго, я наогул не хацеў ёй паказвацца на вочы. Пасьля развагаў я пастанавіў пайсьці да Рэванскага празь яго фасадныя дзьверы — зь іншага боку дому — і пакінуць яму грошы на вырашэньне справы, калі я не вярнуся ў Вільню да канца году. Я адлічыў шэсьць тысяч марак, паклаў іх у капэрту і накіраваўся да дому Жубжынскай. Я дапускаў, што не дастану старога ў хаце. У такім разе я зьбіраўся напісаць яму на канвэрце, для якой мэты прызначаны грошы, і ўкінуць яго у скрынку для лістоў каля яго дзьвярэй. Я затрымаўся каля кватэры Рэванскага і пазваніў. Усярэдзіне было ціха. Пазваніў ізноў. Доўга чакаў. Хацеў ужо пачаць пісаць на канвэрце, але пачуў усярэдзіне гук адчыненьня дзьвярэй. Неўзабаве разьнёсься раззлаваны голас Алены:

— Хто там?

— Я… Міхал, сусед зь бібліятэкі…

Дзьверы адчыніліся. Убачыў Алену ў доўгім ванным халаце і пантофлях на босую нагу. Канцы яе валасоў на галаве былі мокрыя.