Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 114
Сергей Песецкий
— Вы да каго? — спытала.
— Прабачце, што непакою. Я заўтра ад’яжджаю зь Вільні і хачу пабачыць… — вымавіў прозьвішча Колькі. — Ці ён дома?
— Так. Але цяжка хворы.
— Хворы? Што зь ім?
— У яго быў крывацёк. Цяпер ён вельмі аслаблены. Ляжыць у ложку.
— Ці магу яго пабачыць?
— Спытаю. Як ваша прозьвішча?
— Скажаце, што гэта сябра Міхал зь Менску.
Старая адышла. Я чакаў яе ў вітальні. Неўзабаве яна вярнулася і сказала:
— Хазеце за мною.
Я ўвайшоў у малы пакойчык, які амаль напалову займаў шырокі ложак. Ля акна быў начны столік. На ім стаялі пуздрэлкі зь лекамі і шклянка. Крыху бліжэй да ложка стаяў табурэт, а на ім міска вады, у якой плавалі кавалкі лёду. Колька ляжаў у ложку. Ён пазіраў на мяне з усьмешкай, але твар у яго быў вельмі змучаны. Вакол вачэй ляглі чорныя цені. Ён паказаў мне на крэсла.
— Сядай, — сказаў ён ціха.
— Можа, табе нельга размаўляць? — спытаў я.
— Не… Можна… Ужо лепей.
— Што з табою?
— Два крывацёкі. Лёгкае… Адзін учора ранкам, але малы. А сёньня зрана моцны.
— Быў доктар?
— Так. Даў два ўколы вапны ў жылу. Загадаў ляжаць. Нельга піць нічога гарачага. Лыкаю лёд. Раблю халодныя кампрэсы.
— Можа, табе цяжка гаварыць? Зараз я пайду і вярнуся да цябе заўтра.
— Не, не… Добра, што ты прыйшоў.
— У цябе слабы голас.
— Гэта агульнае аслабленьне. Але крывацёку ня будзе.
— Ад чаго цеча крыві?
— У мяне залечаныя сухоты… Цяпер нешта там навалілася. Такое жыцьцё… Недасыпаю, слаба ем. Гуляю таксама… у пыле, дыме. Задуха…
— Што сказаў лекар?
— Ехаць у санаторыю і там лячыцца. Найлепей у Закапанэ.
— Паедзеш?
— Куды там. За што?
— Нядаўна ты меў амаль сто пяцьдзясят тысяч.
— Меў… Але колькі быў вінен? Усе сплаціў. Засталося мне дваццаць тысяч. З гэтым далёка не заедзеш.
— Як доўга табе трэба заставацца ў санаторыі?
— Ня ведаю. Можа, тры месяцы, можа, паўгоду…
— Лекар не сказаў?
— Сказаў толькі, што трэба абавязкова ехаць.
— Я знайду для цябе грошы. Колькі трэба?
— Ня ведаю. Сама мала сто тысяч.
Я не затрымліваўся ў Колькі, каб ня мучыць яго размоваю. Зрэшты, было ўжо позна. Я пайшоў дадому ў цэнтры і пералічыў свае грошы. У мяне было больш за мільён трыста тысяч марак. У бібліятэцы было схавана яшчэ васямсот тысяч. Я меркаваў, што павінен неадкладна дапамагчы Кольку. Ён быў для мяне добры і шчодры. Акрамя таго, ён даў мне долю з тых грошай, якія забралі ў п’янога Карася. Грошы, схаваныя ў бібліятэцы, я ня думаў забіраць, бо схованка была вельмі добрая. Затое з грошай пры сабе адлічыў чатырыста тысяч і загарнуў у паперу.