Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 113

Сергей Песецкий

— Калі апошні раз вы бачылі брата?

— Тры дні таму.

— Вы не жывяце разам?

— Не. А ў чым рэч?

— Ці можаце вы сысьці раней з працы? Справа вельмі важная. Трэба пагутарыць.

Неўзабаве ішлі мы разам ў напрамку вуліцы Нямецкай. З нашай размовы я зрабіў выснову, што цырульнік ня ведае дакладна пра падробкі і продаж намі фальшывых чэкаў. Таму і я не пасьвячаў дэталёва яго ў гэтыя справы. Сказаў толькі, што ўчора падчас адной з нашых «акцый» яго брат зьнік бязь сьледу і я не магу яго знайсьці. Няма таксама нашага супольніка. Я баяўся, што іх арыштавалі.

Цырульнік пайшоў сам у дом, у якім яго брат здымаў пакой. Там ён даведаўся, што гэтага жыхара не было ў доме трэці дзень. Гэтая навіна яшчэ больш мяне занепакоіла. І тады ў мяне зьявілася думка, што трэба выехаць на нейкі час зь Вільні, а пасьля вярнуцца і асьцярожна даведацца, што сталася з маімі супольнікамі. У мяне былі іх грошы, якіх я не хацеў з сабою вазіць, але ня меў дзе бясьпечна схаваць. Я зьвярнуўся да цырульніка:

— Ці ня возьмеце грошы, якія належаць вашаму брату і яго супольніку? Брат, напэўна, зьявіцца ў вас і тады вы яму аддасьце іх.

— Вы зьбіраецеся зьехаць адсюль? — спытаў цырульнік.

— Не. Але ня буду больш яго шукаць.

— Добра. Калі дасьце сёньня яго грошы, дык заўтра пайду да яго.

— Лепей да яго не хадзіце. Ён жа ведае, дзе вы жывяце, і сам вас знойдзе. Так будзе больш бясьпечна, бо я ня ведаю, што зь ім сталася.

Я не хацеў, каб цырульнік ведаў, дзе я цяпер жыву. Пакінуў яго ў сквэры, каб ён мяне там пачакаў, і хутка пайшоў дадому. За паўгадзіны я прынёс грошы і перадаў іх цырульніку. Зь зьдзіўленьнем і як бы са страхам ён узяў тоўсты пакунак.

— ЦІ гэта ўсё грошы?

— Так. Два мільёны. Мільён для вашага брата і мільён для нашага супольніка.

Я заўважыў, што цырульнік напалоханы. Напэўна, гэтая сума падалася яму велічэзнаю. Яго ўразілі ня самыя грошы, але тое, што мы здолелі зарабіць іх за кароткі час. Я сказаў яму, што сьпяшаюся, бо маю шмат нявырашаных спраў.

— Як я ўбачу брата, што трэба яму сказаць?

— Скажаце яму, што я ўзяў сваю частку і аддаю тую, якая яму і нашаму супольніку належыцца.

— А дзе ён мог бы вас убачыць?

— Як дамовіліся, дзе заўсёды.

Мы разьвіталіся. Я ўздыхнуў з палёгкаю, бо больш ня трэба было хвалявацца аб чужых грошах. Я мог цяпер пасьля зьнікненьня маіх супольнікаў рабіць тое, што мне падабаецца. Свае абавязкі адносна іх я выканаў і пачуваўся вольным. Пайшоў у напрамку цукерні «Чырвонага Штрала». Я хацеў цяпер пабачыцца з Колькам. Я ведаў, што ў гэты час яго там абавязкова застану. Але ў більярдную я ўвайшоў толькі тады, калі пасьля доўгага назіраньня праз прыадчыненыя дзьверы пераканаўся, што ў залі няма агентаў Сьледчай службы. Я ведаў многа зь іх, і яны мяне ведалі, як заўсёдніка ўстановаў гэткага роду. Зразумела, Сьледчая служба мела і тут сваіх інфарматараў. Але яны не былі для мяне цяпер небясьпечнымі. Затое я ведаў, што трэба асьцерагацца «ціхароў». Колькі ў більярднай не было. Я спытаў пра яго ў заўзятараў і маркёра. Але ніхто ня бачыў яго тутака некалькі дзён. Я падумаў, што мне зусім не шанцуе, бо я страчваю патрэбных мне людзей. Вырашыў пайсьці да дому сябра і спытаць пра яго. Я не хацеў паведамляць яму пра свае клопаты, але хацеў перад ад’ездам пагутарыць з зычлівым для мяне чалавекам. Звычайна я пісаў да яго лісты, прызначаючы гадзіну і месца сустрэчы. Гэтым разам я пазваніў. Дзьверы мне адчыніла старая жанчына.