Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 111

Сергей Песецкий

Пасьля працяглага адпачынку я пайшоў далей. Вочы прызвычаіліся да цемры, і я арыентаваўся ў прасторы на большай адлегласьці. Ад шыбкага руху мне было цёпла. Некалькі разоў заўважаў людзей, што ішлі чыгункаю. Тады я сыходзіў убок.

Позна ўвечары пачаў церусіць дробны дождж. Я паскорыў крок. Калі прайшоў каля дваццаці пяці кілямэтраў, я ўбачыў сьвятло. Была гэта станцыя Бастуны. Пайшоў далей. Здалёк пачуўся сьвіст лякаматыву. Я пайшоў яшчэ хутчэй, амаль бегам. Калі быў недалёка ад станцыі, падышоў таварны цягнік. Прапусьціў лакаматыў і доўгі ланцуг вагонаў. А калі цягнік затрымаўся, я пачаў шукаць зручнае месца, каб заехаць у Вільню «зайцам». Найперш я аглядаў тармазныя будкі ў вагонах, бо дождж цярусіў і я не хацеў ехаць на адкрытай плятформе ці на даху. Дзьверцы дзьвюх тармазных будак былі зачыненыя, і толькі ў трэцяй мне пашчасьціла іх адчыніць. Зьдзівіўся, убачыўшы ўсярэдзіне двух мужчынаў. У першы момант яны хацелі выйсьці празь дзьверы зь іншага боку. Але хутка зарыентаваліся, што я таксама шукаю месца для паездкі. Былі гэта жаўнеры, якія вярталіся з адпачынку і спазьніліся ў Лідзе на пасажырскі цягнік. Цягнік доўга стаяў на станцыі, нарэшце рушыў далей. Праз выбітае акенца ў будку ліў дождж. Было холадна. Я размаўляў з жаўнерамі. Яны скардзіліся на галечу дома. У іх не было чаго курыць. Я выняў з пачка апошнюю цыгарэту, і мы выкурылі яе на трох.

На вакзале ў Беняконях я купіў у буфэце тры пачкі папяросаў і тры шакалядкі. Вярнуўся ў тармазную будку і даў жаўнерам па пачку цыгарэт і па плітцы шакаляду. Ноч здавалася мне вельмі доўгай. Асабліва апрыкралі нам доўгія прастоі на станцыях. Час ад часу я вылазіў з тармазной будкі і бегаў па пасьне, каб разагрэцца. Пад ранак мы прыехалі ў Вільню. Цягнік спыніўся здалёк ад вакзалу на адной з бакавых каляін. Мы выйшлі з тармазной будкі і знайшлі пераход на вуліцу. Адтуль пайшлі на вакзал. Я запрасіў жаўнераў на каву. А па сьняданьні, калі мы выйшлі на пляц перад вакзалам, я даў ім па дваццаць тысяч марак «на шчасьце». Яны былі зьдзіўлены маёй шчодрасьцю, але з радасьцю ўзялі грошы. Пасьля я накіраваўся да свайго жытла ў пані Жубжынскай. Паціху адчыніў парадныя дзьверы і пайшоў сходамі ўверх. Я хацеў, каб ніхто ня бачыў мяне ў жаўнерскай форме і з пакункам у руках. У бібліятэцы я зачыніў за сабою дзьверы на ключ і выняў яго з замка. Старанна памыўся і пагаліўся. Зьмяніў бялізну і адзежу. Пакунак грошай, у якім былі два мільёны марак, я схаваў у торбу. Пасьля лёг на ложак і моцна заснуў. Прачнуўся апоўдні. Я адчуваў непакой з нагоды зьнікненьня Сабады. Я дапускаў, што ён быў зь нейкай прычыны арыштаваны, бо інакш, відаць, ня кінуў бы мяне без папярэджаньня. У гэтым выпадку пакой у Жубжынскай быў небясьпечным, бо Сабада ведаў, дзе я жыву. У нас быў плян, што Сабада можа згубіць мяне з вачэй ці пакінуць, калі на яго зьвернуць увагу. У гэткім выпадку павінен быў ехаць у Вільню й напісаць мне ліст з пазначэньнем месца і часу сустрэчы. Ліст такі ён павінен быў адразу па прыезьдзе ўсунуць у шчыліну пад дзьвярыма майго пакою. Але ліста не было. Акрамя таго, мы дамовіліся, што ў выпадку страты кантакту між сабою спаткаемся ў «Зялёнага Штрала», у більярднай залі, між трэцяй і чацьвёртай гадзінамі наступнага дня. Таму я вырашыў пайсьці туды сёньня. Я спакаваў у паперу пакункі з двума мільёнамі марак. Я намагаўся, каб ён выглядаў сьціпла — як звычайны пакунак. Зьверху моцна абвязаў яго шнурком. Свае грошы, усяго мільён у пяцітысячных банкнотах, здолеў зручна расьпіхаць на кішэнях. Я прыбраў пакой, пасьля выйшаў зь бібліятэкі. Пастараўся зрабіць так, каб майго сыходу ніхто таксама не заўважыў. Я падаўся ў новае жытло, а трэцяй гадзіне пайшоў у цукерню. Я чакаў там Сабаду да чацьвёртай, але ён не прыйшоў. Гэта мяне зусім здэзарыентавала. Сабада часта сюды прыходзіў, бо быў аматарам таннай гульні ў більярд. А ў цяперашняй сытуацыі ён абавязаны быў прыйсьці. Я спытаў пра яго ў маркёра, які ведаў нас як сталых гасьцей. Але і ён Сабады ня бачыў.