Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 110

Сергей Песецкий

— Навошта табе гэта?

— Хачу паказаць дома, каб там ведалі, за колькі я прадаў чэк.

Далі мне шматок паперы з напісанай на ім сумай і подпісам аднаго з купцоў. Калі я выйшаў на вуліцу, да мяне падышлі некалькі жыдоў, прапануючы купіць розныя рэчы. Мяне абкружалі таксама пасярэднікі, просячы заплаціць за пасярэдніцтва. Я ахвотна даў бы ім нават вельмі шмат, бо яны дапамаглі мне прадаць чэк. Але мне не выпадала гэтага рабіць, каб шчодрасьць скупога звычайнага селяніна не ўзьняла падозраньня. Нарэшце, праклінаючы ўсе на сьвеце, я даў ім дзьве тысячы марак.

Я пайшоў па рынак. «Але куды падзеўся Сабада?». Я разглядаўся ў бакі і нідзе яго ня мог угледзець. Апошні раз я бачыў свайго супольніка каля будынку суду. Ня мог жа ён мяне згубіць. Чаму ён зьнік пазьней? Гэта мяне непакоіла ўсё больш. Праходзячы шмат разоў праз кірмаш, я заўважыў, што за мной сочаць. Доўгі час віжавалі за мною два жыды. «Можа, хочуць спраўдзіць, ці сапраўды я маю тут воз і каня?» У адным месцы ўбачыў селяніна, які стаяў ля возу і, трымаючы ў руках кавалак цьвёрдай скуры на падэшвы, выпрабоўваў яе элястычнасьць. Жыды, якія сачылі за мной, былі побач. Я зьвярнуўся да селяніна, што стаяў на другім баку возу:

— Захарка! Папільнуй яшчэ возу. Я зараз вярнуся.

Селянін вылупіў на мяне вочы, напэўна, мяркуючы: адкуль у яго такі знаёмы і пра які воз гаворка? Я ж адразу пайшоў далей. Цяпер за мною віжаваў толькі адзін жыд. Напэўна, другі застаўся пры «Захарку». Можа, ён мае намер распытаць яго? Я выйшаў на жахліва брудны, засьмечаны падворак. Знайшоў прыбіральню і зайшоў туды. Праз шчыліны ў дзьвярах я назіраў за падворкам і часткай вуліцы. Але ня ўгледзеў жыда, які ішоў за мною. Можа, ён не заўважыў, што я завярнуў у гэтую браму, і пайшоў далей. Пералез празь нізкі паркан на суседні падворак. Адтуль празь дзірку ў плоце пралез на вузкі завулак і накіраваўся на ўскраек мястэчка. Я ведаў, што на цягнік у Вільню я не пасьпеў, бо ён адыходзіў па трэцяй гадзіне, а цяпер была амаль чацьвёртая. Акрамя таго, па таямнічым зьнікненьні Сабады я баяўся ісьці на вакзал. На адной вуліцы на ўскрайку мястэчка ўбачыў прадуктовую крамку. Зайшоў туды і купіў дзьве булкі, фунт кілбасы і кілаграм ігруш. Пасьля пайшоў далей. Я зьбіраўся знайсьці чыгунку ў напрамку да Вільні й ісьці да першай станцыі.

15

Вечар быў цёмны. Як прайшоў сем кілямэтраў — затрымаўся ў полі, каля чыгункі. Зьняў зь сябе сялянскую адзежу і выняў з торбы вайсковы мундзір, порткі і спартовую кепі. Пераадзеўся і зачасаў валасы назад. Сялянскую адзежу я схаваў у зарасьніку на ўскрайку лесу. Пасьля падзёр пасьведчаньне асобы на прозьвішча Лявінскага і ліст зь Лёндану. Шматкі паперы закапаў у зямлі. Вось жа я зьнішчыў усё, што было зьвязана з асобаю селяніна з Новага Сяла. Мае сапраўдныя дакумэнты былі ў кішэні вайсковай блюзы. Найбольш клопатаў стваралі грошы. Я не хацеў цягаць торбу, але выявілася, што інакш цяжка разьмясьціць пры сябе нават частку банкнотаў. Тады расклаў па кішэнях толькі мільён у банкнотах па пяць тысяч. Пасьля распароў торбу і рэшту грошай старанна спакаваў у палатно, робячы зручны пакунак. Седзячы каля чыгуначнай каляіны, я паеў, а рэшту ежы кінуў у роў. Закурыў цыгарэту і доўга адпачываў. Увесь час я думаў пра Сабаду. «Што зь ім сталася? Ня можа быць, каб кінуў мяне, ня маючы для гэтага паважнай прычыны!»