Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 108

Сергей Песецкий

— А цяпер пойдзем да натарыюса.

Я быў сапраўды зьдзіўлены.

— А навошта?

— Трэба засьведчыць куплю чэку. Гэта вялікія грошы.

Давялося пагадзіцца на гэта. Мы зноў пайшлі ў горад. Торбу з грашыма і рэчамі я нёс пад пахаю. Увесь час думаў: «У мяне тры мільёны!» Мяне расьпірала радасьць, якую я маскаваў вялымі рухамі й панурым выразам твару. На вуліцы я заўважыў, што за колькі крокаў ад нас ідзе Сабада. Заўважыў мой позірк і хіснуў галавою. Пакуль усё было ў парадку. Я апынуўся ў вялікай залі Павятовага суду. Збоку ўбачыў дзьверы, па якіх быў надпіс: «Натарыюс». Абапал іх стаяла некалькі наведнікаў. У залі адбывалася судовае паседжаньне. Судзьдзя дапытваў сьведкаў, якія гаворачы нязграбна і плачучы давалі паказаньні. На лавах сядзела шмат гледачоў і было некалькі паліцыянтаў. Адзін з суправаджаючых мяне жыдоў зьнік за дзьвярыма і доўга не вяртаўся. Я трымаў на каленях торбу з грашыма, няўважліва слухаў судовае паседжаньне, і мне карцела даць адсюль драла. Я адчуваў, што якраз я павінен стаць перад судом замест асуджанага — галотнага, дрэнна апранутага селяніна. Мяне непакоіў блізкі візыт да натарыюса. Я разважаў над тым, ці калі б я падаўся з грашыма нібы ў прыбіральню, суправаджаючыя мяне жыды таксама б пайшлі за мною? Відавочна, пайшлі б. Калі б жа пакінуў торбу на лаве, дык, напэўна, жыды засталіся б у залі з грашыма. У гэтым выпадку ў мяне было б толькі сто тысяч марак, зь якімі я мог бы лёгка ўцячы. Але гэта мне было б нявыгадна. Я хацеў мець усё ці ўсё страціць. Судовы працэс працягваўся. Абдзёрты вясковы галетнік нешта казаў хрыплым голасам і як зацкаваны паляўнічымі воўк скоса зіркаў на людзей. Мне было яго шкада. Я бачыў, што ў некалькіх месцах прасьвечвалася ў яго праз падзёртую адзежу бруднае цела. Яго ногі былі абутыя ў скураныя лапці, прымацаваныя да лытак вузкімі раменчыкамі. Я намагаўся зразумець, у чым яго абвінавачваюць, але не дачакаў да капца працэсу. Нас паклікалі.

Канцылярыяй натарыюса была вялікая заля, у якой я ўбачыў некалькі чалавек. Сам натарыюс сядзеў побач з выхадам, за вялікім бюро, заваленым паперамі і кнігамі. Збоку стаяў жыд, які першы ўвайшоў у канцылярыю. Натарыюс махнуў мне рукою. Я падышоў да бюро. Узьняў на мяне дапытлівы позірк.

— Вы прадаяце гэты чэк? — паказаў мне блянк.

— Але, прадаю.

— Адкуль яго маеце?

— Ад Юзіка.

— Якога Юзіка?

— Ну, таго, што ў Лёндане краму трымае… Брат мой. Бо нас трох. Адзін — гэта я…

— Можа, гэты чэк фальшывы? — перапыніў мяне натарыюс.

Я пашкрабаў па галаве.

— Можа, і фальшывы… Я ў гэтым не разьбіраюся. Я малапісьменны. Вы гэта найлепей самі ведаеце, бо вы вучоны.

Натарыюс фыкнуў і пачаў упісваць у тоўстую кнігу акт куплі. За хвіліну ён узьняў на мяне вочы.

— Пасьведчаньне асобы!

Я падаў яму сваё пасьведчаньне. Ён прачытаў яго і спытаў:

— Зь якой вёскі?

— Вядома, з Новага Сяла.

— Адказвай на пытаньне, безь ніякіх «вядома»! — сказаў натарыюс.

— Яж нічога такога…

— Воласьць?

— Наша воласьць?

— Натуральна ваша, не мая!

— Граўжыская.

— Павет?