Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 106
Сергей Песецкий
У пэўны момант я заўважыў, што вуліцаю прайшоў Сабада. Затрымаўся, закурыў цыгарку і пайшоў далей.
Мяне спыталі пра пасьведчаньне асобы. Я падаў ім сваё пасьведчаньне. Жылы аглядалі яго і распытвалі пра розныя дробязі. Я мог бы адчапіцца ад іх абы-чым, але не было сэнсу гэта рабіць. Сонна, паволі адказваў ім:
— Ты з Новага Сяла?
— Угу.
— А чаму так далёка прыехаў?
— У мяне гут побач сваяк. Чыгуначнік. Пайду да яго начаваць. Ну, і людзі казалі, што тут найлепей чэк прадаць. Каня таксама трэба купіць. А тут коні самыя танныя.
— А дзе твой воз?
— На кірмашы. Сусед пільнуе. Разам прыехалі.
— Колькі хочаш за чэк? — спыталі мяне пасьля доўгай размовы.
Я задумаўся. Жыды змоўклі. Гэтым разам, каб паказаць сваю «дурноту», вырашыў папрасіць за чэк не замала, а зашмат. Чэк быў варты — лічачы паводле біржавога курсу па дзесяць тысяч шэсьцьсот восем марак за фунт — тры мільёны сто восемдзесят дзьве тысячы і чатырыста марак. Але, чухаючы галаву, сказаў:
— Чатыры мільёны.
Бура сьмеху накрыла мае словы. Я пазіраў, быццам зьбянтэжаны, на жыдоў, якія сьмяяліся штучна і голасна. Адзін зь іх сказаў мне:
— Ты, дурны Юрка, дзе ты гэта чуў?
— Мне Бэрка Крывы з Ашмянаў, як прыяжджаў да нас купляць лён, сказаў.
— Чаму ты яму не прадаў?
— Бо ён гэтага не купляе. Можа, ён хацеў мяне ацыганіць?
Жыды зноў выбухнулі сьмехам. Праз пэўны час яны прапанавалі мне за чэк два мільёны васямсот тысяч марак. Я не пагадзіўся, бо разумеў, што гага будзе падазрона. Я ўдаваў, што ня веру ім, і нават захацеў пайсьці куды ў іншае месца. Мяне затрымалі. Жыд спытаў, ці ўмею я чытаць. Сказаў, што ўмею трохі чытаць друк, калі ён вялікімі літарамі. Жыд выйшаў з хаты і неўзабаве прынёс мне стос газэт, дзе паказаў мне рубрыку біржы. Фунт быў запісаны тамака дзевяць тысяч васямсот марак. Я зразумеў, што гэта даўнейшы нумар газэты, калі курс быў ніжэйшы. Але ўдаваў зь сябе, што гэтым зьбянтэжаны і хутка пагадзіўся прадаць чэк за тры мільёны і сто тысяч. Сказаў ім, што таньней не аддам, бо якраз гэтую цану падаў мне аконам з суседняга маёнтку. Жыды пачалі клясьціся, што яны могуць на гэтым страціць, бо гэта папера, а ня грошы. Бо банк можа збанкрутаваць. Я ўдаваў, што нічога ў гэтым ня цямлю. Стаяў на сваім:
— Калі дасьце тры мільёны сто тысяч, то прадам вам чэк. А як не, пашукаю іншых купцоў.
Нарэшце жыды прапанавалі мне два мільёны дзевяцьсот тысяч марак. Зразумела, я ахвотна б прадаў чэк за гэткую суму, але баяўся пасьпешна даць згоду і ўпарта стаяў на сваім:
— Дайце тры мільёны і сто тысяч. Інакш чэк вам не прадам.
Тады адзін жыд крыкнуў на іншых: «Ся!», і мне сказаў ціхенька, нібы таемна зьвяртаючыся:
— Хочаш тры мільёны, дык бяры. Бо больш аніводнай маркі не дамо.
«Ахвотна ўзяў бы, але як?» — падумаў, прадчуваючы, што буду мець яшчэ дужа клопатаў. Тым часам жыды пераконвалі мяне, што цана вельмі добрая. Я ўдаваў, што вагаюся. Заклапочаны і нерашучы, чухаў галаву. У гэты час адзін жыд сказаў:
— Мы дамо табе зараз адзін мільён. А рэшту пакладзем «пад заруку» ў рабіна. Як прыедзеш сюды за тыдзень, дык забярэш усе грошы.