Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 107
Сергей Песецкий
— Не, — сказаў я. — На такое я не пагаджуся. Можаце даць мне сёньня толькі дзьвесьце тысяч, але рэшту грошай пакладзем, калі хочаце, «пад заруку» ня ў рабіна, а ў ксяндза. І ксёндз мне скажа, ці цана добрая.
Я адразу заўважыў, што ўвесь недавер, калі ён яшчэ і быў, зьнік. Апошнія мае словы пераканалі іх лепей у праўдзівасьці маёй асобы і чэку, чым ліст і дакумэнты. Яны пачалі толькі размаўляць між сабою. Я зразумеў, што чэк купляюць супольна некалькі жыдоў. Нарэшце я пагадзіўся прадаць чэк за тры мільёны марак. У кампаніі чатырох жыдоў я выйшаў на вуліцу. Яны правялі мяне ў іншы дом. Там я сеў за вялікім сталом у багата, але бяз густу абстаўленым сталовым пакоі. Два жыды бавілі мяне размовамі. Я адказваў ім ня вельмі дарэчна, па-сялянску складаючы сказы. Іншыя жыды недзе зьніклі. Напэўна, зьбіралі патрэбную суму грошай.
Старая жыдоўка прынесла на талерцы трохі сьліваў і паставіла перада мною на стале.
— Ежце! — сказала яна.
Я адразу пачаў упіхваць ў рот сьлівы. Браў па некалькі за раз. Лавіў на сабе іранічныя позіркі жыдоў, якія суправаджалі мяне. Я бачыў, як зіркалі яны між сабою, абменьваючыся думкамі: «Гэта толькі неацёсаны хам!»
Я зьеў усе сьлівы і абцёр рукі аб порткі. Чакаў амаль гадзіну. Нарэшце прыйшлі тры жыды. Прынесьлі загорнутыя ў газэту пакункі грошай. Пачалі іх лічыць і складаць у стосы. Прыглядаючы за імі, я ўгледзеў у некаторых стосах тысячамаркавыя банкноты белага колеру. Я ведаў, што белыя банкноты трэба было абмяняць на чырвоныя да канца месяца. Да гэтага тэрміну было яшчэ шмат часу, і я мог гэта зрабіць сам. Але я хацеў падкрэсьліць яшчэ раз маю сялянскую недаверлівасьць і тупасьць. Я сказаў:
— Бачу, што купцы хочуць мяне ашукаць!
Жыды запытальна зірнулі на мяне і спынілі пералік грошай.
— Ну, чаму?
— Белыя тысячамаркаўкі фальшывыя. Мы на вёсцы пра гэта ведаем.
Жыды абурыліся. Пачалі тлумачыць мне, што белыя банкноты таксама добрыя, але трэба абмяняць іх у акрэсьлены тэрмін. Аднак не «пераканалі» мяне. Жыды зусім раззлаваліся і адклалі ў бок белыя банкноты. Пералічылі іх асобна, і адзін зь іх пайшоў замяніць іх на чырвоныя. Ён вярнуўся за паўгадзіны. Быў стомлены і выціраў хусткаю спацелы твар. Калі скончылі лічыць грошы, прапанавалі, каб я спраўдзіў. Пачаў пералічваць грубыя стосы, у якіх было па сто тысяч. Рабіў гэта паволі, няўклюдна, злуючы гэтым людзей, што за мной назіралі. Часта памыляўся і пачынаў лічыць нанова. Тады жыды шоргалі крэсламі і нагамі ды давалі мне парады, як найхутчэй пералічыць грошы. Я адказваў ім:
— Часу багата. Грошы любяць улік.
Губляючы шмат часу і прыкладаючы высілкі, я пералічыў адзін мільён. Пасьля праверыў мільён у пяцітысячных банкнотах, якія нядаўна выпусьцілі ў абарачэньне. Трэцяга мільёну не лічыў да вялікай радасьці жыдоў. Сказаў:
— Усё добра, гаму і тут хіба будзе добра. Купцы не павінны мяне ашукаць, бо іншым разам з вамі справу мець ня буду.
Схаваў два мільёны дзевяцьсот тысяч у торбу, а сто тысяч паклаў у бакавую кішэню курткі.
— Гэта на выдаткі, — сказаў я.
Я чакаў, што жыды загадаюць мне падпісаць чэк на адваротным баку блянку, але сталася інакш. Адзін зь іх сказаў мне: