Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 105

Сергей Песецкий

— Гэты чок я не куплю.

— Чаму? — спытаў я вяла, хаваючы трывогу.

— Бо не куплю, — паўтарыў жыд.

— Не, дык не… — сказаў я нібы абыякава.

Паволі ўклаў усё назад у хустку, схаваў яе ў бакавую кішэню, узяў торбу з пугай і выйшаў з канторы. «Што гэта можа быць? Што ён там угледзеў падазронага?» Нейкі час я назіраў за дзьвярыма канторы, ці ніхто не пойдзе па паліцыю, ці ня будуць за мною сачыць? Пасьля падаўся на рынак. Сабада ішоў здаля. За пэўны час ён наблізіўся да мяне.

— Як з чэкам?

— Жыд агледзеў яго і сказаў, што ня купіць.

— Чаму?

— Ня ведаю.

— Што будзеш цяпер рабіць?

— Паспрабую з пасярэднікамі.

Доўга хадзіў па рынку, аглядаючы натоўп. Шукаў адпаведных людзей — пасярэднікаў, якія звычайна на кірмашы шукаюць прадаўцоў і купцоў па розныя тавары, пераважна збожжа. Я меркаваў, што магу завабіць іх лёгкім заробкам. Заўважыў каля вялікай бакалейнай крамы купку жыдоў, якія жвава дыскутавалі. Зь іх выгляду і паводзін зрабіў выснову, што гэта тыя людзі, якія патрэбны. Падышоў да іх і сказаў па-беларуску:

— Скажыце, дзе можна прадаць загранічныя грошы?

— Якія грошы? — зацікавіліся адразу ўсе.

— Фунты.

— Пакажы.

— Што я маю паказваць, калі вы ня купіце. У вас няма гэтулькі грошай.

— Вось дурны Юрка, як мы ня купім, дык хто?

— Сам ты дурны. Зараз пакажу.

Я з удаванай неахвотай затрымаўся і паўтарыў паволі ўсю працэдуру з хусткаю, канвэртам і чэкам. Паказаў ім блянк, не выпускаючы яго з рук. Жыды былі зацікаўленыя і ўзбуджаныя. Яны ажыўлена шваргаталі. Адзін зь іх, з малою, рудою бародкаю, зьвярнуўся да мяне:

— Мы маем купца па гэты чэк. Ён яму патрэбны. Больш ніхто яго ня купіць. Хадзем з намі, тут блізка.

Удаючы, што іду вельмі неахвотна, я скіраваўся за рудым. Яго таварышы недзе зьніклі. Пэўна, пабеглі шукаць купца на чэк. Мы ўвайшлі ў цесны, засьмечаны завулак. Мой праваднік безупынна наварочваўся да мяне і заахвочваў па далейшы шлях, запэўніваючы, што толькі ён можа мне памагчы. Я апынуўся ў цеснай і бруднай хаце. Сеў у куце пакою, за столікам паблізу акна. Усярэдзіну заглядалі зь іншых пакойчыкаў, праз прыадчыненыя дзьверы, нейкія мужчынскія і жаночыя твары. Чуў прыцішаныя размовы. Хутка ў пакой увайшло некалькі жыдоў. Між іх убачыў пасярэднікаў, да якіх зьвярнуўся на рынку. Папрасілі ў мяне чэк. Выняў з кішэні хустку і паўтарыў усю працэдуру. Жыды доўга і ўважліва аглядалі чэк, перадаючы яго з рук у рукі. Нарэшце адзін зь іх, найлепш апрануты, зьвярнуўся да мяне:

— Адкуль у цябе гэты чэк?

— Ад брата…

— Дзе ён жыве?

— У Лёндане.

— Што ён там робіць?

— Разам з жонкаю мае гандаль.

— А як ён табе гэты чэк даслаў?

— Лістом.

— Маеш ліст?

— Маю.

Я даў яму ліст. Жыды пачалі чытаць паперу, напісаную па-беларуску. Падчас гэтага чытаньня некаторыя пасьміхаліся і абменьваліся позіркамі. Я ведаў трохі жыдоўскі жаргон і чуў, як адзін зь іх сказаў другому: «А можа гэта работа на блят?» Той яму адказаў: «Такі хам і на блят!» Гэта палкам запэўніла мяне, што сытуацыя добрая.