Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 103
Сергей Песецкий
Колька махнуў рукою.
— Гэтага ніхто не даведаецца. Недзе піў, зь нейкімі бабамі. Можа, абакралі яго. Можа, у карты прайграў. Можа, згубіў. Як даведацца? Ня ён першы…
Мне было шкода абкрадзенага чалавека. І я адчуваў да сябе агіду. Я ахвотна б аддаў яму сваю долю. Фэлюсь, Давідка і Манька Рудая выйшлі з пакою заднімі дзьвярыма. Вынесьлі Карася. Я застаўся з гарманістам, Колькам і Андзяй Авадзень. Дзяўчына пачала лашчыцца да мяне. Яна была мне агідная. Я адпіхнуў яе.
— Адчапіся.
— Чаму ты такі… ганарысты? А можа, ты яшчэ цнатлівы?
Умяшаўся Колька:
— Ён старэйшы злодзей, чым ты, курва!
Дзяўчына пляснула далонямі па клубах і працягла сьвіснула.
— Відаць, варшавяк, бо ў нас такіх няма.
— А як варшавяк, то што?
— А нічога, — сказала яна. — Знаю і я Варшаву.
Крутанулася на абцасе і засьпявала пісклява:
Праз пэўны час вярнуліся Давідка, Фэлюсь і Манька Рудая.
— Ну і цяжкі, чорт! — скардзіўся Давідка.
— Дзе вы яго пакінулі? — спытаў Колька.
— Далёка адсюль… на сьметніку, — адказала Манька.
Мы пачалі піць, адзначаючы ўдалую справу. Позна ўвечары мы выйшлі з Колькам зь цёмнага лябірынту завулкаў і пайшлі ў цэнтар гораду.
— Чаму гэткі… размазаны? — спытаў мяне сябар. — Табе шкада Карася?
— Так, — прызнаўся я.
— Плюнь, — сказаў Колька. — Ён бы цябе не пашкадаваў! Не аднаго абдзёр як ліпку… Ведаю іх! Можа, пойдзем да дзяўчынак, да Грачанкі?
— Да Грачанкі не пайду.
— То хадзем куды яшчэ. Ведаю тут побач дзьвюх цялушак… Сёстры, чарнявыя. Вочы як вугаль! Тавар першай клясы! І ня шлюндры. Ад жарсьці кахаюцца… Ну?
Я пайшоў зь ім. Неба было чорным. Вуліцамі ганяў вецер. Зьбіралася на дождж. Прахожых мала. Гойдаюцца ліхтары. «Як гэта ўсё бессэнсоўна: гарэлка, карты, дзеўкі, жрачка… Здаецца мне, што я быў шчасьлівы, калі галодны, брудны, абарваны, бяздомны бадзяўся днямі й начамі тымі халоднымі вуліцамі. Тады разам са злосьцю, нянавісьцю, горыччу меў жывое, гарачае прагненьне. А цяпер: перасычанасьць, агіда, адсутнасьць мэты… Гэта найгоршае — адсутнасьць мэты ў жыцьці. Цікава, у каго яна ёсьць? Хто мае сапраўдную мэту ў жыцьці? Мэта, дзеля якой варта нястомна працаваць, з усіх сіл, і якая ня станецца за год, празь дзесяць гадоў альбо праз сто — дарэмнай альбо зусім шкоднай? Цікава мне, хто яе мае?»
Мы цёгаліся вуліцамі, завулкамі. Мінаем шматлікія камяніцы. Ідзём іуды, дзе ёсьць дзьве чарнявыя цялушкі, вочы як вугаль, тавар першай клясы, ня шлюндры. А вецер уздымаецца ўсё большы. Замінае нам ісьці. Ірве вопратку. І ўвесь час мучыць думка: «У маёй кішэні грошы, забратыя падступна ў п’янога чалавека, які нам верыў, які нас частаваў. Як гэта подла». Я здрыгануўся ўсім целам.
— Холадна табе? — пытае Колька.
— Холадна.
— Нічога… Зараз прыйдзем на цёплыя ножкі… разагрэемся, — засьмяяўся ён і пацёр далоні.
«Заўсёды тое самае. І гэта жыцьцё!.. Напэўна, яму цяпер халодна ляжаць там на сьметніку. Можа прастудзіцца. Бедны, бедны Карась!»
Ідзём вуліцамі… Гойдаюцца ліхтары… Енчыць вецер…
14