Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 102
Сергей Песецкий
Пакой, здавалася, віраваў у паветры. Яго поўнілі крыкі, тупаценьне ног, віск кабет, рогат Карася. Кабеты паілі ахвяру. Удавалі, што таксама п’юць, але спрытна вылівалі гарэлку на падлогу. Твар мужчыны прымаў дзікі выраз. Вочы затуманьваліся…. Тузануў на Маньцы кашулю, разьдзёр яе. Кабета ўваліла яму моцна кулаком у нос. На твары Карася зьявілася кроў. Ён камячыў надалей Маньку за плечы, пакрываючы яе голы торс плямамі крыві, што струменіла яму з носа. Андзя Авадзень зьдзірала зь яго плячэй пінжак.
— Праца ідзе! — мовіў Колька. — Мыюць яго!
Карась таргануўся. Зьдзёр з Манькі трусы й зваліўся разам зь ёю на падлогу. Кабета роспачна вырывалася, але ён моцна прыціскаў яе ўсім целам. Разьюшана соп, пускаў пену з роту і намагаўся зь ёю спарыцца. Андзя Авадзень, седзячы на ім верхам, біла яго кулакамі на галаве.
— Ах ты, люй! Ах ты, жлоб! Ах ты, ёлд!
Тады Манька Рудая крыкнула здушаным голасам:
— Хлопцы! Што ж вы! Задушыць, халера! Ай, яй!
Фэлюсь і Давідка наскочылі да іх. Пачалі разьнімаць счэпленых на падлозе людзей. Пакаціліся да дзьвярэй, ствараючы пачварны клубок пераплеценых целаў. Карась гучна адрываўся і крычаў:
— Не… Не ўцячэш, красуня! Не! Га, га, га…
А гарманіст усё больш шалёна рубаў полечку.
Перакулілі крэсла, потым столік… Колька ледзьве здолеў выхапіць зь ліхтара сьвечку. Зьвярнуў да мяне твар:
— Дапамажы іх разьняць. Ну даюць!
Мы пачалі разьнімаць тых, хто біўся, але ў гэтым ужо не было патрэбы, бо Карась адпусьціў Маньку і ляжаў на падлозе, як вялікая, чорная калода. У яго быў запэцканы крывёю твар. Яго цела ўстрасалі ваніты. Жанчыны цяжка дыхалі. Манька Рудая ўсьцягвала на голае цела, што сьмярдзела потам, пакрытую пілавіньнем з падлогі і чорнымі плямамі крыві, падзёртую бялізну. Ёй кінулі сукенку.
— Гэта бык!.. Гэта бык!.. — паўтарала Манька ці то са злосьцю, ці то з пашанай.
Андзя крывіла тонкія губы і сьціскала кулакі.
— Але ж я ўваліла яму, халера!
— А дзе рэмень? — спытаў Давідка, падыходзячы да Карася.
— У мяне, — сказала Андзя, ляпаючы далоньню ў грудзі.
Мы абступілі стол, на які Андзя кінула тоўсты скураны рэмень з глыбокімі кішэнямі. Побач зь ім паклала пукаты кашалёк. Хутка на стале ляжалі вынятыя з рэменя і кашалька пачкі грошай. Колька адсартаваў іх і падлічыў. Было больш за мільён марак буйнымі наміналамі і каля дзьвюхсот тысяч дробных. Мы адклалі ўбок дробныя, а рэшту пачалі дзяліць. Колька падсунуў да мяне стос банкнотаў.
— Бяры. Твая доля.
— За што? Я ж нічога…
— Бяры, бяры. Гэта ўжо такое правіла.
На падлозе гучна хроп Карась. У пакоі было ціха. Усе размаўлялі прыглушанымі галасамі. Напоўнілі пас Карася дробнымі грошамі. У яго кашалёк таксама паклалі трохі банкнотаў. Манька Рудая і Андзя Авадзень схіліліся над п’яным, зацягваючы яму рэмень і зашпільваючы адзежу.
— Глядзіце, каб не прачнуўся, — сказаў Фэлюсь.
— Ляжыць, як камень. Рэзаць можна, — азвалася Манька.
— Што вы зь ім зробіце? — спытаў я Кольку.
— А што? Выкінем дзесь пад браму і ўсё. Знойдуць яго там альбо сам прачнецца.
— А грошы?
— Што грошы?
— Паведаміць у паліцыю.