Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 96
Сергей Песецкий
Якая я дурная. Гэта страшна! Жахліва!.. І я мушу так пакутаваць за адну хвіліну неразважнасьці. Добра было б, калі б Раман памёр, каб здарылася якоесь няшчасьце. Нядаўна я плакала, калі прысьніла, што прынесьлі труну для яго, а цяпер плачу з-за таго, што ён жыве. Хай бы памёр. Але не. Ён не памрэ. Мне ніколі ня шчасьціла! Заўсёды я толькі пакутавала!..
Навошта ён забраў маё шчасьце, атруціў маё жыцьцё? Навошта!.. Якое з гэтага выйсьце?..
* * *
Гуў вэнтылятар. На дварэ шоргалі па бруку цяжкія крокі чырвонаармейца. Раман апусьціў на грудзі Лізчын дзёньнік і паўтарыў апошнія сказы, якія ён у ім прачытаў: «Навошта ён забраў маё шчасьце, атруціў маё жыцьцё? Навошта!.. Якое з гэтага выйсьце?..»
Задумаўся.
…Ну што ж, нічога не паробіш… Рознае бывае ў жыцьці… Аднак Харэўскі сказаў праўду… І страшна гэта, што сказаў праўду… Як ён гэта сфармуляваў: «Жыцьцё абсалютна нічога ня вартае, бо пачынаецца і канчаецца». Гэта страшна… Значыць, усё пачынаецца і канчаецца… І каханьне… І ідэі… Усё. І сьвет, і сьветы… І ўсё, што мы робім, таксама… І ўрэшце нічога з гэтага ня будзе… Ні для чога гэта не спатрэбіцца. Як гэта балюча… Чым жыць… Хіба нянавісьцю…
— О, Ліза, нашто ж ты мне гэта дала? Чаму ты не была шчырая?
…Што гэта так гудзіць… Ага, вэнтылятар…
Раман выйшаў зь дзяжуркі ў акумулятарную і павярнуў выключальнік. Раптам яго ахінула пранізьлівая цішыня. А ў ёй, нібы зьдзекліва пасьмейваючыся, мякка чмякалі акумулятары. Раман як мага хутчэй уключыў ток, і шум зноў запоўніў пустэчу.
…Праўду кажаш, Зыгмусь, усё канчаецца… Толькі гэта так балюча… А цікава: ці какаін сапраўды такі цудоўны? Шкада, што няма… Можа, напіцца… Не, я ж п’яны. Зрэшты, глупства гэта… Страшнае глупства… І калі б было трэба, то мог бы сьмяяцца… Ці гэта ня сьмешна? Што яна хлусіла, гэта нічога. Але зоркі таксама хлусілі, і месяц, і тая ноч, і яе вочы… А кажуць, што каханьне — магутная сіла… Дык значыць, ня сіла, калі я ня змог здабыць яе каханьне… А можа, я яе не кахаў? Не, гэта немагчыма. Бо што ж тады каханьне… Як жа гэта нясьцерпна.
Зазваніў тэлефон. Раман пачуў не адразу. Пасьля другога разу зьняў слухаўку. Прагучаў голас:
— Апараты Бадо стаяць!
Раман маўчаў.
— Алё! Акумулятарная! Ток на апаратах Бадо скончыўся!
— Усё на сьвеце канчаецца! — адказаў Раман.
— Што за жарты? Хто гэта гаворыць?
— Зыгмунт Харэўскі гэта гаворыць, і мае рацыю.
— Вы што, п’яны?!
— Так. І вы таксама п’яны.
— Калі ласка, бяз жартаў! Зараз жа даць ток на апараты Бадо, бо заўтра паведамлю камісару.
— Добра. Прашу паведаміць, што ўсё на сьвеце канчаецца.
Раман знайшоў і выправіў пашкоджаньне, пасьля пачаў хадзіць уздоўж акумулятарнай залі.
…Сад пакутаў… Цудоўна яна гэта сказала. Не дзіўлюся, што яна хлусіла. Але чаму хлусілі яе вочы… І хлусілі пацалункі… Аднак гэта дзіўна, што не магу не кахаць яе… гэта ж вар’яцтва…
— Навошта ж ты гэта пісала? Навошта? Якая ты дурная, бедная і няшчасная!
…Што ж, усё прапала… Як гэта сьпяваў Клядзінскі… Раман пачаў напяваць: