Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 95
Сергей Песецкий
Зноў была з Раманам на прагулянцы. Калі мы вярталіся дадому, ён спытаў, ці я хачу быць яго жонкай. Я зрабіла глупства. Вялікае глупства! Сказала, што так. Ня ведаю, як гэта ў мяне вырвалася. Цяпер вельмі пра гэта шкадую.
У мяне шмат клопатаў. Штосуботы хаджу да Камлёва. Час ад часу сустракаюся зь Зінкай. Пасьля Паўлуша. Урэшце Раман. Гэта мяне зусім ня мучае, але трэба памятаць, як сябе з кім паводзіць. Асабліва цяжка зь Зінкай. Яна ўвесь час мяне раўнуе і яе найцяжэй ашукваць.
Пры канцы чэрвеня адбыліся мае заручыны з Раманам. Было вельмі весела. Раман прывёў свайго сябра, знанага камуніста, афіцэра Чырвонай Арміі. Ён вельмі мілы і вясёлы, хоць і брыдкі. Калі б усе камуністы былі такія, як ён, то можна было б іх паважаць. У ім няма пыхі, выхваляньня, прэтэнзіяў на звышчалавека. Ён усіх нас разьвесяліў і адкрыта кпіў з Кобзава. Цяпер я мяркую, што ўвогуле выдатныя камуністы лепшыя. І ня так задзіраюць нос, як тыя «сераднякі».
Па заручынах мяне агарнуў смутак. Цяпер усё прапала. Неўзабаве я стану жонкай тэхніка. Нават не партыйнага. Я пачынаю адчуваць крыўду на Рамана, ну і на сябе таксама, што так лёгка згадзілася на гэтае глупства. Ня ведаю, што Раман будзе мець са сваёй вынаходкі, але добрай пасады ён яўна не атрымае. Можа, дадуць яму трохі грошай. Якая я дурная! Не магу дараваць сабе гэтай страшнай памылкі. Цяпер я ўжо хутчэй пайшла б замуж за Азімава, чым за Рамана. Раман жа мог бы быць маім каханкам. А цяпер усё прапала!
Учора Раман пачаў строіць пляны пра тое, як ён паедзе са мной у цэнтральную Расею і знойдзе там працу. Як будзем жыць ціха, добра. Як будзем кахаць адно аднаго. А мне сэрца балела, і дома я паплакала. Праклінала і тое возера, і шпацыры, і сябе, і Рамана. Ужо няма ніякага выйсьця!
Раман цяпер жыве ў Жарскай. Уночы я запускаю яго да сябе, і мы сьпім разам. Але як падумаю, што ён мяне зьвяжа і што буду жонкай нейкага тэхніка, дык пачынаю злавацца. Адчуваю, што пачынаю яго ненавідзець. Мне агідныя ягоныя словы і тэхнічны значок на шапцы, увогуле ўсё, зьвязанае зь яго асобай. Я заўсёды так марыла пра цудоўную вялікую кватэру, марыла быць жонкай камісара, а цяпер праз гэтага ідыёта ўсё зьнішчанае. Ён скраў маё шчасьце, разбурыў усю будучыню. Чаму я ня выйшла замуж за Азімава?!
Учора (у суботу) я пайшла да Камлёва. Калі ўбачыла віно на стале, кветкі, цудоўную кватэру, расплакалася. Ён доўга выпытваў, што са мной, але я нічога яму не казала. Пасьля нахлусіла яму штосьці.
О, калі б у мяне быў такі муж! Што ж з таго, што стары? Калі б я была дамай, то магла б наладзіць сабе прыватнае жыцьцё на свой густ. Гэтым разам Камлёў даў мне 20 даляраў. Відаць, падумаў, што я плакала дзеля нейкага матэрыяльнага клопату.
Увесь час думаю: што рабіць? Шукаю якое-небудзь выйсьце. А можа, паехаць з Камлёвым на Украіну? Ён бы даў мне пасьля шмат грошай, і я б знайшла сабе мужа з будучыняй.