Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 94
Сергей Песецкий
Учора ў сквэры да мяне падышоў Шура Кусьцін і пачаў заляцацца. Я адразу сказала, што ён сьвіньня і дрэнь! Ён адказаў: «А ты курва!» Ох, чаму я не мужчына! Як бы я яго зьбіла. Папросту забіла б гада. Якія ж яны нягоднікі: калі яму аддаешся, то абагаўляе і ходзіць як пава. А калі іншаму, то курва! Ненавіджу такіх смаркачоў і праганяю іх, калі лезуць да мяне.
Цяпер мне нашмат лепей. Сонька з мужам зьехалі з кватэры. Сказалі, што ім тут зацесна, але гэта дзеля сквапнасьці. Ня хочуць утрымліваць усю сям’ю. Як гэта брыдка! Кобзаў жа столькі зарабляе — дакладней, крадзе. Купляе сваёй Соньцы розныя рэчы: упрыгожаньні, антыкварыят, сам зьбірае залатыя манеты, а пагавары зь ім — такі ідэйны. Азімаў, здаецца мне, яшчэ горшы, але я прадчуваю, што выйду за яго замуж. Ён можа зрабіць вялікую кар’еру, бо мае сувязі ў «Цэка». Прыемна быць жонкай начальніка: службовы аўтамабіль, кватэра, ну й агульная павага.
Учора вечарам прыйшоў Раман. Я пісала дзёньнік. Забылася зачыніць дзьверы, а ён так неспадзявана ўвайшоў. Ня ведаю чаму, я спалохалася. Раман распытваў пра Азімава. Сказаў, што прыехаў у Менск на сталае жыхарства. Ня ведаю, чаму я з гэтага ўсьцешылася, бо я ж яго не кахаю. Мы дамовіліся, што ня скажам тату і маме пра гэтае спатканьне. Ён абяцаў прыйсьці ў нядзелю. Трэба зь ім пафліртаваць. Хай будзе ў рэзэрве. Зрэшты, трэба яму аддзячыць за тыя падарункі. Калі б можна было рабіць тое, што хочацца, а не хлусіць увесь час, то я б шчыра сказала: «Ведаеш што, Ромка, я разумею, што ты вельмі мяне прагнеш. Дык хадзем у ложак, бо для мяне гэта драбяза. Толькі нікому не кажы». Але трэба ўвесь час хлусіць і ўдаваць.
Раман мне сапраўды падабаецца. Я думала, ён будзе няўтульна пачувацца, бо зацеміць, што ўсе на яго крыва глядзяць. А ён так весела і свабодна з усімі павітаўся. Пасьля расказваў шмат цікавых і разумных рэчаў. Азімаў быў вельмі злосны і зусім зь ім не гаварыў. Матуля заўважыла, што ў Рамана сьветлыя валасы. Тады і я ўспомніла, што даўней былі цёмныя. Ён сказаў, што адна дзяўчына выказала пажаданьне, каб у яго былі сьветлыя валасы, і ён так і зрабіў. Гэта мне падабаецца. Гэта сьведчыць пра павагу да жанчыны — нават да яе капрызаў. Матуля запрасіла Рамана заходзіць да нас. Я вельмі гэтым усьцешаная.
Вырвалася на прагулянку з Раманам. Мы спаткаліся ў Губэрнатарскім садзе, а пасьля пайшлі ў лес. Было так добра і весела. Я заўважыла, што Раман вельмі ў мяне закаханы. Вырашыла аддацца яму, але ён марудзіў, хоць было так шмат магчымасьцяў. Толькі ў лесе ён мяне пацалаваў. А пасьля на беразе азярца я яму аддалася. Ён мыў мне ногі, цалаваў калені і можа нічога й не было б, калі б я сама яго не заахвоціла.
Раман закаханы ў мяне і хоць зь іншымі разумны, са мной зусім дурны. На зваротным шляху нас аблаялі салдаты, якія ўчатырох вялі ў лес адну дзеўку.
Была ў Камлёва. Ён спытаў мяне, ці паехала б я зь ім на Украіну. Я сказала, што гэта немагчыма. Я не аддалася яму, бо ў мяне былі месячныя. Аднак ён даў мне 10 даляраў. Ён вельмі добры і прыстойны і такія цікавыя рэчы расказвае. Вучыць, як абыходзіцца з мужчынамі, як прытрымлівацца гігіены, як засьцерагчыся ад вэнэрычных хваробаў і цяжарнасьці. Раіць, што чытаць.