Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 93
Сергей Песецкий
Ох, як я гэта добра ведаю і безь яго. Шкада, што ён такі стары. Я б пастаралася, каб ён разьвёўся з жонкай і ажаніўся са мной.
Усе мяне абагаўляюць. Зінка так шалёна мяне песьціць. Кажа, што калі я буду аддавацца мужчынам, яна адгрызе мне нос. Гаварыла, што цудоўна можна абысьціся бязь іх. Яна даўно ня сьпіць з мужам. Кажа яму, што пры стасунках ёй вельмі баліць і што ёй трэба адпачыць.
Паўлушка закахаўся ў мяне да сьмерці. Калі я зь ім размаўляю, ён зусім дурэе. Гэта мяне ўжо нудзіць. Ён зноў пытаўся, што яму зрабіць, каб давесьці, як ён мяне кахае. Я сказала, каб ён сябе кастрыраваў. Ён так засмуціўся. А пасьля спытаў: ці напраўду я гэтага хачу? Я падумала, што гэты вар’ят можа так і зрабіць, і сказала, што гэта жарт.
Паўсюль мужчыны так да мяне прыглядаюцца. Я разумею, пра што яны думаюць. Але фігу! Аднак гэта вельмі прыемна. Пазьней апавядаю пра гэта Зінцы, а яна моршчыцца і так падазрона на мяне глядзіць. Ох, якая дурніца! Яна зусім вычварэнка. Часта мастурбуе. Я таксама мастурбую, але вельмі рэдка. Казала мне, што мела стасункі з сабакам, але гэта брыдка. Я пачынаю гідзіцца яе. Навошта яна гаварыла пра сабаку? Я б пра гэта ніколі не расказала. Зінка казала, што мужчына ня робіць ёй прыемнасьці, бо калі цьвярозы, то ўсё ў яго захутка, а калі п’яны, то становіцца пакутай. І ўвогуле гэта ёй не падабаецца. Найлепей самой ці зь дзяўчынай.
Штосуботу я хаджу да Камлёва. Ён папрасіў мяне, каб я сядзела за сталом голая. Я ахвотна гэта раблю. Кожнага разу ён дае мне 10 даляраў. Я цяпер багачка: у мяне ўжо 60 даляраў. Калі б мець сем такіх каханкаў, то было б па 70 даляраў за тыдзень; за месяц больш як 250, а за год 3000. Якія б я мела ўборы! Я купіла б сабе футра, аўтамабіль, паехала б за мяжу. А можа, мяне ўзялі б у фільм? Калі б я была акторка, то ў мяне б абавязкова закахаўся які-небудзь прыгожы мільянэр альбо ангельскі лорд.
Азімаў зноў да нас прыходзіць. Мама вельмі задаволеная. Кажа мне, каб я яго не адмаўлялася, бо гэта найлепшая партыя. Я трохі зь ім какетую, але ня больш, чым з усімі іншымі, бо ён зусім мне не падабаецца. Шалёна нудны і шэры. Увесь час: а мы! а камуна! а змычка! а пралетарыят! А пралетарыят гэтак жа яго абыходзіць, як і Кобзава. Раман меў рацыю, калі сказаў яму пра матэрыялістаў.
Шалёна люблю вясну. Можна вельмі лёгка апранацца — так, каб сьвяціліся ногі, насіць блюзкі без рукавоў і не адзяваць панчох. У мяне такія прыгожыя ногі, што прыемна іх паказваць.
Я сказала Камлёву, што вельмі хачу быць кінаакторкай. Але ён мяркуе, што я не прыдатная. Перадусім таму, што я надта дзябёлая.
А апроч таго, трэба мець фотагенічны твар. Я вельмі засмуцілася. Спрабавала галадаваць. Пазьней кінула гэта. Я ж і так заўжды была галодная. Лепей стала ад таго часу, як сышлася зь Зінкай, а пасьля з Камлёвым.