Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 92

Сергей Песецкий

Мне так прыкра, што ў мяне няма грошай на дробныя выдаткі. Колькі разоў сяброўкі запрашалі мяне на забавы ці ў кіно, а я адмаўлялася, бо нават на білет няма. На кожную драбязу трэба жабраваць у таты. А тату самому так цяжка. Соньку я нізавошта не папрасіла б.

Аднойчы я ўспомніла таго «нэпмана», зь якім я пазнаёмілася ў кіно. Я вырашыла пайсьці да яго.

У яго прыгожая кватэра і элегантная служанка. Яна спытала мяне: да каго? Я сказала, што да спадара Камлёва. Яна пайшла, а я чакала ў перадпакоі. Пасьля выйшаў Камлёў. Убачыў мяне і зусім не зьдзівіўся. Сказаў гучна: «Нарэшце Тацяна Міхайлаўна мяне наведала». Які хітры!

Ён запрасіў мяне ў пакой і так шляхетна мяне прымаў. Падаў печыва і якоесь добрае віно. Сказаў, што ён «спэц» — інжынер. Што прыехаў з Амэрыкі і што ён амэрыканскі грамадзянін, хоць нарадзіўся й вучыўся ў Расеі. Што цяпер працуе на савецкі ўрад і шмат зарабляе, што ў яго жонка ў Чыкага. Распытваў мяне пра сям’ю. Я сказала трохі праўды, а трохі схлусіла.

Я вельмі хацела, каб ён узяў мяне на калені і папесьціў. Тады лягчэй было б папрасіць у яго грошай. Але ён быў такі стрыманы, вельмі ветлівы і мілы. Не пытаўся ні маё імя, ні прозьвішча. Увесь час называў мяне Тацяна Міхайлаўна. Пазьней спытаў мяне, ці ня час ужо ісьці дадому. Сам мяне правёў. Я разьвіталася зь ім здалёк ад яго дому. Ён пацалаваў мне абедзьве рукі, павагаўся часінку і пацалаваў мяне ў вусны. Папрасіў, каб я прыйшла да яго ў суботу вечарам і сунуў мне штосьці ў кішэнь паліта. Дома, у сваім пакойчыку, я дастала з кішэні загорнутую ў паперку ад шакаладу 10-даляравую купюру. Дзе яе разьмяніць?

У суботу мне было вельмі цяжка вырвацца з дому. Мама не дазволіла мне апрануць новую сукенку, туфлікі і паліто. Давялося ісьці ў старых. Толькі вымылася цалкам, адзела чыстую, найпрыгажэйшую бялізну і надушыла грудзі і пахі. Шаўковыя панчохі — падарунак Рамана — паклала ў кішэнь. Давялося іх нацягваць у прыбіральні.

Камлёў чакаў мяне. Служанкі не было. У пакоях так міла пахла. Ён спытаў, ці я калі-небудзь піла шампанскае. Я сказала, што не. Я саромелася, што я ў старой сукенцы, але ён зусім не зьвяртаў на гэта ўвагі. Увесь час цалаваў мне рукі.

Шампанскае было вельмі смачным, і пасьля было так весела. Камлёў пасадзіў мяне на калені і спытаў, ці я дзяўчына. Я ведала, што яго я не ашукаю, і сказала, што не. Сказала, што мой жаніх мяне згвалціў. Але толькі адзін раз. Ён сьмяяўся. Пытаўся, ці я яго не баюся. Я адказала, што ён вельмі мілы і што я яго зусім не баюся. Тады ён зьняў зь мяне сукенку і занёс мяне ў спальню. Ён быў вельмі далікатны і асьцярожны. Сказаў, што мы будзем усё рабіць так, каб я не зацяжарыла. Ён захапляўся маім целам. Гаварыў мне, што зусім ня трэба саромецца, бо гэта ўсё натуральнае. Толькі трэба ўмець захоўваць гэта ў таямніцы і быць асьцярожнай, каб ня выклікаць плётак, бо людзі вельмі злыя.