Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 91

Сергей Песецкий

Нас запрасілі на вячэру, але я ела мала, бо не выпадала наядацца перад хлопцамі. Лена потым паклікала мяне і Зінку ў свой пакой, і мы зьелі фунт кілбасы і выпілі пляшку самагону зь вішнёвым сокам. Я піла найбольш, бо Зінка ўвесь час мяне частавала. Пасьля я зусім звар’яцела. Сьмяялася, сьпявала, урэшце пачала глупствы апавядаць.

Зіна завяла мяне ў спальню і паклала ў ложак. Мне здавалася, што я лунаю ў паветры. Было страшна горача. Пазьней прыйшоў якісьці хлопец і штосьці шукаў на століку. Тады я зусім здурнела. Паклікала яго і сказала, каб ён мяне цалаваў. Пазьней у самы недарэчны момант хтосьці адчыніў дзьверы. Паглядзеў і хутка выйшаў. Калі хлопец мой пайшоў, прыбегла Зінка і пачала на мяне сварыцца, кажучы, што гэта сорам і што я яе кампраметую. Ох, што я нарабіла! Навошта ж яна мяне напаіла. Пасьля мне стала лепей і я выйшла ў залю. Усе хлопцы хацелі са мной танчыць, але Зінка сказала, што мы ўжо сыходзім. Тады кожны хацеў мяне правесьці, але Зінка сама мяне правяла.

Вялікі сорам. І не таму, што аддалася сама ня ведаю каму, а таму, што ўсе пра гэта ведаюць. Цяпер я буду вельмі асьцярожная. Клянуся, што калі ніхто дома пра гэта не даведаецца, то гэта будзе маё апошняе глупства.

Пазаўчора быў мой дзень народзінаў. Я ўжо дарослая дзяўчына, таму тата зладзіў вечарыну ў мой гонар. Запрасілі шмат знаёмых. Быў Азімаў, Паўлуша, шмат хлопцаў і сябровак. Было вельмі весела. У мяне была новая прыгожая цёмна-сіняя сукенка з крэмавым каўнерыкам і манжэтамі. Усе сяброўкі мне зайздросьцілі. Я такая шчасьлівая.

Быў і Раман, але ён нас усіх зьдзівіў. Ён падарыў мне найдаражэйшыя падарункі, і я не магу зразумець, як ён здолеў іх набыць. Сонька зьзелянела са злосьці і сказала, што Раман зусім ня тэхнік, што ён яўна падрабляе грошы. Тата насварыўся на яе за гэта. Тата і мама перад гэтым кепска адгукаліся пра Рамана, кажучы, што ён галадранец, але цяпер замоўклі. Пра Раманавы прэзэнты мы нікому не гаворым, нават Соньчынаму мужу, бо гэта вельмі дзіўна.

Калі мы гулялі ў «горача-холадна», Раман мяне пацалаваў. Але давялося яго падахвоціць. Цяпер, калі б трэба было выбіраць, за каго выйсьці замуж — за Рамана ці за Азімава — то выбрала б Рамана. Хіба што хтосьці лепшы знойдзецца. Бо быць жонкай тэхніка — нічога цікавага. Тэхнікаў я страшна не люблю. Зінка мне казала, што Шура Кусьцін, які быў на вечарыне ў Лены, усім апавядае, што я аддаюся за бутэльку гарэлкі. Які нягоднік! Яшчэ дома даведаюцца. Гэта ён тады ўвайшоў у пакой. Перад гэтым ён мне вельмі падабаўся, бо ён прыгожы, а цяпер я ненавіджу яго.

Раман нейкі дзіўны. Невядома навошта пачаў скандаліць зь цёткай, якая немавед што сабе навыдумляла. Кобзаў падумаў, што на яго, і быў вельмі зьдзіўлены. А я ўсё бачыла і толькі душылася сьмехам. Пазьней Раман збэсьціў Азімава. Прычапіўся да яго за тое, што ён кепска выказваецца пра Троцкага і Леніна.

Але я ведаю, што гэта не пра іх ішла гаворка, а пра мяне. Я пачынаю яго любіць. Ён падаецца мне сапраўды цікавым.

Сакавік, 23-га году

Раман даўно не прыходзіў. Не разумею, чаму. Дома часта яго ўспамінаюць. Абураюцца, што ён закаціў такі скандал Азімаву. Асабліва Сонька. Такая подлая зьмяя! А калісьці захаплялася ім. Матуля злуецца, што ён абразіў Азімава, і загадала мне выбачыцца. Я сказала: ніколі! Зь якой ласкі! Калі ён камуніст, няхай ня кажа лухты. Хай не выказваецца кепска пра Троцкага, хоць той і жыд. Мама крыкнула: паглядзіце на яе, камуністка навасьпечаная! Але тата сказаў, што Раману можна прабачыць, бо ён быў п’яны і ня ведае, што казаў.