Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 90
Сергей Песецкий
Сонька зьвіхнула нагу. Так ёй і трэба. Ходзіць — нос дагары. Такая фіфа. А дома крычыць, як гандлярка. А якая няхлюя! Баіцца холаду і нават шыі ня мые. Сьмярдзіць, як каза. Як яе Кобзаў кахае? Хоць і ён таксама мурза той яшчэ.
Азімаў часта да нас прыходзіць, і мама вельмі з гэтага цешыцца. Калі б я ведала, што ён хутка памрэ, то выйшла б за яго. Але пэўна ён будзе вельмі доўга жыць, бо ён такі асьцярожны, разважлівы. Нядаўна хацеў пацалаваць мяне ў шыю, але я абурылася: што вы сабе думаеце!
Учора вечарам прыйшоў Раман. Ён падаецца мне вельмі мілым, дарма што тэхнік. Сказаў, што я нагадваю яму нейкую кінаакторку. Ён казаў гэта зусім шчыра. Калі б у яго была такая пасада, як у Азімава, то я б згадзілася быць яго жонкай. Ён мне падабаецца больш, чым Паўлуша альбо Азімаў. Толькі тое кепска, што ён замалады, а маладыя на кожную жанчыну кідаюцца і да кожнай паміраюць ад каханьня. А пасьля пляткараць.
Пазнаёмілася ў кіно зь нейкім паджылым мужчынам. Мне здаецца, што ён «нэпман». Ён быў добра ўбраны. Я дазволіла яму правесьці мяне дадому. Такі паважны. Усё выпытваў, ці добра мне жывецца. Прасіў сказаць яму, калі мне нешта будзе трэба. Заўсёды з прыемнасьцю мне дапаможа, бо для яго гэта дробязь. Колькі разоў гэта паўтарыў і даў мне свой адрас.
Аднак я дурная. Трэба было адразу сказаць, што мне дома блага, што грошай няма нават на кіно. Відаць, даў бы мне грошай. Зінка была б разумнейшая… Ня думаю, каб ён даў мне грошы задарма. Але якая розьніца. Я ведаю, што такі салідны пан ня будзе паўсюль апавядаць, як Сашка. Смаркачы найгоршыя. Толькі каб у яго не было вэнэрычнай хваробы. Страшна гэтага баюся.
Быў скандал наконт Рамана. А ўсё гэтая сьвіньня Сонька. Яна сама кахае Рамана, і ёй не падабаецца, што я зь ім какетую. Я ж з кожным мужчынам — падабаецца ён мне ці не — какетую. Яна нагаварыла маме, што я забываюся пра Азімава. Яны вельмі хочуць, каб я выйшла за яго замуж, а ён мне нават у каханьні не прызнаўся. Хочуць мяне як найхутчэй з дому выпхнуць, але я не сьпяшаюся. Можа, мне ў яго горш будзе, чым дома.
На наступным тыдні да нас прыйшоў Раман. Бацькі так халодна яго прынялі, а я наўмысна была да яго вельмі добрая. Гэта на злосьць Соньцы. Папрасіла яго, каб абавязкова прыйшоў 11 лютага на мой дзень народзінаў.
Учора пайшла зь Зінкай на вечарыну да яе стрыечнай сястры Лены. Было некалькі дзяўчат і некалькі хлопцаў, тэхнікаў тэлеграфу, бо брат Лены таксама тэхнік.