Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 89

Сергей Песецкий

Я дала мянушкі ўсім сваім знаёмым, у залежнасьці ад іх выгляду і рысаў характару, якія я зацеміла:

Мама — карова, тата — бэгемот, Соня — рапуха, Павін — шакал, Саша — асёл, Паўлушка — цяля, Азімаў — ліс, Кобзаў — вол, Раман — баран.

А Раман таму «баран», што ня зьбіў Соньку за тое, што яна за іншага замуж выйшла. Учора быў у нас Раман. Гуляў у прэфэранс і так раззлаваў Азімава, што той аж шалеў. А Раман быў зусім спакойны, хоць ён якраз прайграў. Я вельмі задаволеная, што Азімаў атрымаў па носе. Закрэсьліла ў «Дзёньніку» мянушку Рамана «баран» і напісала — «воўк». Калі Азімаў «ліс», то Раман будзе «воўк».

Думаю, так слушна.

Зінка дакучае мне сваім каханьнем. Дорыць мне падарункі. А яшчэ піша мне прачулыя лісты, бо, маўляў, ня можа на словах выказаць свайго каханьня. Калі б мужчыны былі такія мілыя і адданыя, як яна. Але я пераканалася, што насамрэч яны подлыя. Усё тое, што я чытаю ў кніжках пра іх каханьне да жанчын, — гэта глупствы. Гэта толькі хітрыкі, з дапамогай якіх яны хочуць здабыць жанчыну. Яны пры гэтым нічым не рызыкуюць, але мы! Аднак бязь іх было б сумна, бо хто б намі захапляўся, хто б вылупліваў вочы і слупянеў, калі трошкі пакажацца каленка. І ўсе аднолькавыя. Азімаў здаецца разумным. А як я пачну валасы папраўляць, каб падкрэсьліць грудзі, то аж чырванее! Калі б я была мужчынам, то мяне такая Сонька за нос не вадзіла б! Але я б ніколі не пакрыўдзіла дзяўчыны. Усё ж можна рабіць, але трэба быць сумленным і не прымушаць пакутаваць, а пасьля высьмейваць, як Саша.

Паўлуша ўчора прасіў мяне, каб я дала яму на ўспамін хустачку. Я сказала, што яна засмарканая. Ён адказаў, што гэта нічога і што яна будзе для яго яшчэ даражэйшай памяткай. Я дала яму хустачку. Які ён дурны.

Лістапад, 22-га году

Сонька пасварылася з мужам. Яна прасіла, каб ён купіў ёй дыямэнтавыя завушніцы, якія зь нястачы прадавала адна жанчына. Кобзаў сказаў, што жонцы камуніста не выпадае насіць дыямэнтавых завушніцаў. А яна раззлавалася і як закрычыць: «А ці выпадае камуністу абкрадаць дзяржаўныя крамы і красьці сканфіскаваныя Чэка рэчы? Усе вы нягоднікі!» Быў страшны скандал. Я так цешылася. Толькі пасьля, дурань, ён прасіў у яе прабачэньня. Было б у каго прабачэньня прасіць! Гэтыя мужчыны заўжды такія: альбо анучы, альбо хамы.

Паўлуша нядаўна зноў запытаў мяне, што яму зрабіць, каб давесьці мне сваё каханьне? Я сказала яму зьесьці сальніцу солі. І ён зьеў. Цяпер, калі ён просіць мяне, каб я яму аддалася, то заўсёды мусіць за гэта штосьці зрабіць: альбо выпіць колькі шклянак вады, альбо бляяць, альбо сказаць дзесяць разоў: «Клянуся, што я — ідыёт!»

Я б хацела, каб мяне кахаў сапраўдны мужчына, такі, як у фільмах. Можа быць і непрыгожы, але каб быў сьмелы, разумны, таямнічы, багаты і каб іншыя жанчыны зайздросьцілі мне. Добра было б быць жонкай лётчыка. Бо калі ён заб’ецца, то плацяць пэнсію, і можна й адной годна жыць.

Я б вельмі хацела быць кінаакторкай. Я ж такая прыгожая. Нават Зінка, жанчына, мяне кахае. Часта разьдзяваюся і гляджу на сябе ў люстра. Якая я прыгожая! І чаму ў мяне не закахаецца нейкі багатыр? Колькі разоў думала: добра было б разьдзецца і пайсьці голай на вуліцу, дзе найбольш людзей. Хай бы бачылі, якая я! Я чула, што за мяжой жанчыны танчаць голыя на сцэне. Я б таксама танчыла. Толькі ў мяне трохі завялікія грудзі. Але яны зусім не зьвісаюць. Відаць, таму так вырасьлі, што я іх мазала алеем і церла ручніком. Цяпер штовечар мыю іх салонай вадой — як Сонька. Ад гэтага яны робяцца цьвёрдыя і не растуць. Але гэта лухта. Мужчыны любяць вялікія грудзі. Паўлуша ледзь ня млее, калі іх цалуе.