Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 88
Сергей Песецкий
Паўлушку я аддаюся вельмі рэдка. Толькі тады, калі мне самой хочацца. Іначай ён можа знудзіцца. А Саша зусім мяне не кахаў. Я пераканалася ў гэтым. Калі сустракала яго колькі разоў у горадзе, то ён нават не падыходзіў павітацца.
Саша страшны нягоднік! Зінка мне казала, што ён пляткарыць усім знаёмым, што я гуляю направа і налева. Гэта ён са злосьці, што я яго адшыла. Які нягоднік. Ён жа нічога ня ведае. Нават думае, што я была дзяўчынай, калі яму аддалася. Каб толькі гэта да мамы не дайшло. Як я патлумачу, што я не дзяўчына. Зрэшты, скажу, што мяне Паўлушка згвалціў, і калі мама вельмі хоча, то ён можа са мной ажаніцца.
Зінка пачуваецца ўжо добра. Зноў песьціць мяне па-ранейшаму. Кажа, што калі яна будзе багатая, мы будзем жыць разам і зусім ня будзем зьвязвацца з мужыкамі. Мы штодзень ходзім загараць. Заходзім далёка ад купальшчыкаў і грэемся на сонцы зусім голыя. Аднойчы я зацеміла, што з-за кустоў нас разглядаюць у бінокль трое вайскоўцаў. Зінка нічога не заўважыла, а я ёй не сказала пра гэта. Успомніла Павіна і ягоных сяброў, і такая злосьць мяне агарнула. Наўмысна легла так, каб усё было відаць. Хай аблізваюцца, як сабакі!
Як успомню Павіна, надоўга губляю настрой. І не магу зразумець: як я магла яго кахаць?
Даведалася цікавую навіну: Сонька атрымала ліст ад Рамана, у якім ён піша, што неўзабаве прыедзе ў Менск. Раман быў раней жаніхом Сонькі. Вось будзе штука, калі ён даведаецца, што яна выйшла замуж. Зьмяя! А даўней жа так клялася, што кахае яго. Сонька можа й не сказала б мне нічога пра ліст, але яны хочуць, каб муж не даведаўся, што яна была даўней нявестай Рамана. Сказалі мне, што прадставяць яго Кобзаву як нашага сваяка.
Раман прыехаў. Ён зусім не такі, як даўней. Ледзь яго пазнала. Але такі вясёлы. Я думала, што ён будзе абурацца, што Сонька выйшла замуж, але ён нічога ёй не сказаў. Відаць, ужо закахаўся ў іншую. Усе такія. А да мяне так прыглядаўся. Я рабіла выгляд, што не заўважаю гэтага, але мне гэта вельмі падабалася.
Зінка ўжо пачынае мяне нудзіць сваім каханьнем. Мяне гэта зусім не задавальняе, а толькі раздражняе. Унікаю яе, як магу.
Раман быў у нас другі раз. Прыехаў сюды з Бабруйску купляць кніжкі. Падарыў мне кніжку Арцыбашава «Санін». Але мама забрала яе ў мяне і сказала, што я замаладая для такога чытаньня. Якая дурная! Каб яна толькі ведала, якія я кніжкі чытаю! А «Саніна» вазьму з чытальні.
Здаецца, я падабаюся Раману, але ён мне не падабаецца. Я не люблю тэхнікаў. Іншая рэч, калі б ён быў афіцэрам альбо артыстам. Лепей ужо Азімаў, чым ён, хоць Азімаў для мяне застары. Але затое ён партыйны, мае добрую пасаду і кар’еру перад сабой.
Я вырашыла, што калі выйду замуж за нейкага зь цяперашніх паклоньнікаў, то толькі за Азімава. А Паўлушка мусіць задаволіцца тым, што я яму дала. Такі самы голы бізун, як і Раман.