Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 87

Сергей Песецкий

Зінка ляжыць дома. Яна зусім хворая. Два тыдні была ў бальніцы. Штосьці там сабе папсавала і трэба было рабіць апэрацыю. Якая дурніца! Яна магла ж нарадзіць.

Учора я была ў яе. Яна такая зьмізарнелая, бледная, вочы ў чорных разводах. Як мне шкада яе. Заўтра пайду на луг і назьбіраю для яе кветак. Ужо ёсьць, бо ўжо канец красавіка. Учора ранкам я пайшла па кветкі. Надзела старую спаднічку і блюзку, а на ногі толькі сандалікі. Сонца так паліла. Апоўдні я назьбірала вялікі букет. Мне хацелася есьці, але я пайшла на ўскраек лесу, легла на траве і заснула. Хтосьці мяне абудзіў. Убачыла нізкага, каржакаватага, добра ўбранага мужчыну. Ён спытаў: ці вы прадаяце кветкі? Я сказала, што не. Ён сеў побач са мной і выпытваў, адкуль я. Я сказала, што зь вёскі і што маё імя Каця. Ён сказаў, што купіць мае кветкі і што дасьць мне пяць рублёў. Дастаў з кішэні і паказаў мне залатую манету. Але папрасіў, каб я яго за гэта пацалавала. Я агледзелася. Паблізу нікога не было, таму я пагадзілася. Тады ён, зусім не спрабуючы мяне пацалаваць, задраў мне спаднічку. Пасьля я хацела пайсьці і запатрабавала пяць рублёў. Аднак ён сказаў, каб я пачакала, бо пяць рублёў за адзін раз — гэта зашмат. Мне давялося доўга чакаць. Пасьля ён завёў мяне ў лес і там паўтарылася тое ж самае. Пасьля гэтага ён хацеў пайсьці. Я сказала: а пяць рублёў? Ён засьмяяўся і адказаў: другі раз ня будзь дурная. Тады я заплакала. Ён пайшоў, але пасьля спыніўся і крыкнуў: гэй, малая, лаві! Кінуў мне манету. Усё-ткі стрымаў слова, і кветак ня ўзяў.

Я чула, што жанчына, якая бярэ за гэта грошы, называецца прастытутка. Але я ж толькі адзін раз узяла. І таму, што была галодная. А Сонька горшая за прастытутку, бо муж на яе працуе, крадзе для яе, а яна нічога ня робіць. Ён жа ёй якраз за тое плаціць, што зь ёй сьпіць. Бо калі б ён спаў са мной, то мяне ўтрымліваў бы.

Травень, 22-га году

Зінка вельмі ўсьцешылася з кветак. Буду ёй часта іх прыносіць.

Паўлушка ўвесь час да нас прыходзіць. Усё просіць, каб я пайшла зь ім на шпацыр. Я ведаю, чаго ён хоча. А можа, яму сорамна, што ён нічога ня здолеў зрабіць. Урэшце я сказала яму, што заўтра ранкам пайду зьбіраць кветкі для сяброўкі і каб ён чакаў мяне на вуліцы. Трусоў я не надзела, каб ён зноў іх не парваў. І да таго ж было цёпла.

Ён быў такі ўсхваляваны, і рукі ў яго дрыжалі. Ледзьве адышлі трохі ад гораду, ён ужо пачаў мяне цалаваць, рабіць дурныя заклінаньні і прасіць, каб я яму аддалася. Урэшце я згадзілася. І гэты раз выйшла нядобра. Я зрабіла выгляд, што мне страшна баліць. А пасьля ўдавала, што плачу. Пытала, а што будзе, калі мама даведаецца? Ён сказаў, што кахае мяне і што ажэніцца са мной. Я адказала, што гэта немагчыма, бо ён забедны. Пасьля мы зноў мелі стасунак, але ён ужо не нэрваваўся і было добра. Усё казаў мне, што я яго багіня, і пытаў, што яму зрабіць, каб давесьці сваё каханьне.

Я сказала, каб ён зьеў званочак. Ён зьеў кветку разам зь сьцяблом. Пэўна, сапраўды вельмі мяне кахае.

Чэрвень, 22-га году

Зінка ачуняла, але яшчэ не ўвабралася ў сілу. Цяпер яна ўжо не бавіцца са мной, як раней, але вельмі мяне любіць і цалуе мне рукі і твар. Я не казала ёй ні пра тыя пяць рублёў, ні пра Паўлушку. Мы часта ходзім на прагулянкі, бо ёй рэкамэндавалі шмат быць на паветры.