Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 86

Сергей Песецкий

Тата купіў мне на народзіны паліто і чаравікі. Матуля — шаль. Сьвіньня Сонька — насоўку. Зусім непрыгожую. Хай сабе лупу ёй вытра. Але я ўзяла, бо іначай не выпадае. Кобзаў даў мне ўпотайкі трохі грошай (баіцца Сонькі), а афіцыйна падарыў складанае настольнае люстэрка.

Цяпер я хораша ўбраная. Усё новае і прыгожае. Вельмі ўдзячная Зінцы, хоць трохі яе баюся. Яна мне сказала, што калі б гэта было магчыма, то кінула б мужа і жыла б са мной. Час ад часу я застаюся ў яе на ноч, і мы сьпім разам. Аднак мне гэта прыкра, бо я разумею, што так не павінна быць. Ах, калі б мужчыны былі такія мілыя, добрыя і сардэчныя, як Зінка! Чаму яна не мужчына?

Сёньня Зінка расплакалася. Сказала, што ў яе ўжо шэсьць тыдняў не было месячных і што яна баіцца, што зацяжарыла. Брудна лаяла мужа. Казала, што зробіць аборт, што ёсьць на гэта рада. Я спытала, чаму яна не засьцераглася ад гэтага? Яна сказала, што ад таго часу, як пачала кахацца са мной і парвала з Колькам, перастала гэта рабіць, бо вельмі рэдка сьпіць з мужам. Апроч таго, яна думала, што муж яе не аплодніць, бо яму ўжо за 50 гадоў.

Сакавік, 22-га году

Сёньня вечарам я была адна дома. Прыйшоў Паўлушка. Ён быў так зьбянтэжаны тым, што мы адныя. І гэта мужчына! Зінка праўду кажа. Усе мужчыны ў адносінах з жанчынамі ідыёты. Альбо нягоднікі, альбо дурні. Я была нейк дзіўна разамлелая, разьлётаваная, і раптам мне так захацелася, каб ён узяў мяне сілай.

Паўлушка хацеў пайсьці, але я папрасіла яго пасядзець, бо я, маўляў, баюся застацца адна ў кватэры. Я старалася яго ўзбудзіць. Але нічога не выходзіла. Я легла на канапу і загадала яму сесьці каля мяне і апавесьці што-небудзь вясёлае. Ён балбатаў нешта недарэчнае. Я спытала, ці ён чуе, як б’ецца ў мяне сэрца? Ён сказаў, што не. Тады я паклала яго далонь сабе на грудзі, каб ён пачуў. Ён усё больш саромеўся. Сказаў, што нічога ня чуе. Тады я сказала яму прыкласьці вуха. Толькі тады ён мяне пацалаваў. Тады і я яго пацалавала. Ён раптам нібы ашалеў. Парваў мне трусы, хоць я зусім не супраціўлялася, бо не хацела яго засмуціць, як Сашу калісьці, і ўрэшце зусім нічога не зрабіў, толькі паваліў мяне. Сьвінтус. Давялося пасьля мыцца.

Зінка пайшла сёньня са мной у лазьню і ўзяла нумар. Зрабіла такую ванну, што ледзь можна было трываць. Пасьля, калі прызвычаілася, увесь час далівала гарачай вады і доўга там сядзела. А вада была такая, што я рукі туды ўсунуць не магла. Бедная. Дома яна скача са стала і п’е якісьці адвар. Казала мне, што калі запарыць тытунь і выпіць, то гэта абавязкова заб’е плод. Аднак гэта вельмі агідна.

Красавік, 22-га году