Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 85
Сергей Песецкий
Ох, гэтая Зінка! Гэта яна так падстроіла. Запрасіла мяне да сябе, а там быў Саша. Мы пілі гарбату і сьпявалі. Пасьля Зінка падміргнула мне і выйшла з пакою. Я зразумела, што яна намовіла Сашку дабіцца мяне. Я пачувалася дзіўна. Мне было так горача, і я хацела, каб гэта хутчэй здарылася. А ён так марудзіў. Нават давялося яго трохі заахвоціць. Тады я трохі супраціўлялася, але зноў жа, ня так, каб яго адпудзіць. Аднак выйшла нядобра. Саша пасьля ўвесь час цалаваў мне рукі і прасіў прабачэньня. Я рабіла выгляд, што злую на яго. Сказала, што ён злоўжыў маім даверам. Пазьней вярнулася Зінка і насьміхалася з нас. Пыталася, ці мы добра бавіліся? Ці было весела? Чаму мы не размаўляем? Чаму ў Сашы вушы чырвоныя, а ў мяне вочы бегаюць?
З Сашам я сустракаюся часта. Заўсёды ў Зіны. Цяпер мы яе зусім не саромеемся, і нам добра. А Паўлушка надалей мяне багоміць. Аднак яму не аддамся. Хіба што калі вырашу выйсьці за яго замуж.
Зінка мне апавядала, што яна першы раз пакахалася, калі ёй было 13 гадоў, і што пасьля доўга хварэла. Пра мужа казала, што ён ідыёт, але што вельмі яе кахае. Яна такая дазнаная. Паказвала мне, як трэба кахацца, каб было сапраўды прыемна. Вучыла, як прывабліваць мужчын. Але гэта я сама ўмею.
Учора (у суботу) прыйшла Зінка і паклікала мяне да сябе. Сказала, што яна выкупіць нумар і мы пойдзем разам у лазьню. Яна казала, што ня любіць мыцца ў агульных аддзелах, бо там брудна. Мы паабедалі і пайшлі. Зінка так дзіўна сябе паводзіла, што я цяпер яе баюся. Сказала, што мужчыны ёй абрыдлі і што яна кахае мяне. Я запэўніла Зінку, што я таксама яе люблю. Але яна пачала цалаваць мяне. А пасьля рабіла мне такія рэчы, што сорам. Але я баялася ёй супраціўляцца. Не разумею, якую яна ў гэтым знаходзіць прыемнасьць? Пазьней яна сказала мне, што мужчыны — нягоднікі і сьвіньні, а любошчы зь імі — агіда. Што можна мець яшчэ большую прыемнасьць бязь іх. Шмат апавядала пра вэнэрычныя хваробы і вельмі мяне напалохала. Але навошта ж тады яна падстроіла, што я аддалася Сашу?
Я вельмі шмат чытаю кніжак пра каханьне. Цяпер ужо так не кахаюць, як даўней. Можа, людзі сталі горшыя. Раней мужчына дзеля сваёй каханай напраўду ў агонь кінуўся б, а цяпер толькі гуляе ў каханьне, а нават у ваду ня скочыў бы. Ах, як бы я хацела, каб у мяне закахаўся нейкі рыцар, альбо двое. І каб біліся адзін з адным за мяне. А я пасьля дала б пераможцу пацалаваць руку. Ну, а калі б ён быў багаты і меў бы прыгожы замак, то выйшла б за яго замуж. Пасьля ў мяне былі б прыгожыя пажы, і я б іх кахала. Але перад гэтым яны мусілі б дужа пакутаваць і даводзіць сваё каханьне. Ах, як гэта прыемна! Бо сучасныя мужчыны — страшныя матэрыялісты.
Зінка сапраўды вельмі мяне кахае. На мінулым тыдні быў мой дзень народзінаў. Яна падарыла мне тры пары прыгожай бялізны і матэрыял на сукенку. Раўнуе мяне. Не дазваляе мне какетаваць з мужчынамі. Сашка да яе прыйшоў, калі я была там, дык яна яго выгнала. Сказала, што ён нягоднік і што як мае нявесту, хай не заляцаецца да іншых дзяўчат. Яна з Колькам парвала. Я спытала яе, як яна жыве з мужам. Сказала, што робіць выгляд, быццам у яе белі, таму яны рэдка маюць стасункі. Яна яму не дазваляе.