Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 84

Сергей Песецкий

Жнівень, 21-га году

Мне вельмі сумна. Увесь час хочацца плакаць. І я плачу, калі ніхто ня бачыць.

Толькі Зіна мяне суцяшае, але я і ёй не апавядала пра Павіна. Як бы Сонька цешылася, калі б даведалася пра ўсё. Яна мяне папраўдзе ненавідзіць, бо я прыгажэю, а яна брыдчэе. Яна ня можа мне гэтага дараваць. Прымушае працаваць, лічыць кожны кавалак хлеба, які я зьем. За сталом і яна есьць мала — паказвае прыклад. А пасьля наядаецца па завугольлях. Я ўначы прачынаюся ад голаду і баюся пайсьці пашукаць чагосьці ў шафцы. Добра, што хоць ёсьць гарод. Іду туды ўдзень і ем моркву, бручку, рэпу. Я б не крыўдавала на Соньку, калі б мы былі бедныя. Але ж мы жывём, у параўнаньні да іншых, добра. Кобзаў столькі зарабляе і падзарабляе, што ў нас заўсёды ёсьць і мука, і шынка, і нават цукар. Хоць бы хутчэй выйсьці замуж. Усё адно за каго, толькі каб вызваліцца ад Сонькі і не цярпець гэтых прыніжэньняў.

Павіна даўно ня бачыла. Пагрозы сваёй ён не выканаў — бацькам не напісаў. Відаць, збаяўся.

Верасень, 21-га году

Цяпер мне адлягло. Тата пачаў зарабляць, таму Сонька ўжо ня так нос задзірае, што яна ўвесь дом утрымлівае. А хіба гэта яна ўтрымлівала? Гэта ж яе муж. Не разумею, што ён у ёй знайшоў. Так яе кахае! У яе ж характар подлы, і брыдкая яна.

Да нас часта прыходзіць стрыечны брат Паўлуша. Ён старэйшы за мяне на 10 гадоў. Увесь час на мяне глядзіць, робіць вочы як у барана і ўздыхае. Я раблю выгляд, што ня бачу гэтага і не разумею, а пасьля так сьмяюся. Калі б я хацела, ён бы адразу выйшаў за мяне. Але ён мала зарабляе. Ён ня змог бы купляць мне прыгожыя сукенкі, дык навошта мне такі муж? Калі нікога няма дома, ён цалуе мне руку і прамаўляе камплімэнты. Нядаўна папрасіў дазволу пацалаваць мяне. Я сказала: што гэта табе ў галаву прыходзіць! Гэта ж сорам! Які дурны. Мог бы гэта зрабіць і без пытаньня. Павін мяне не пытаў.

Учора была ў Зінкі. Яна ўжо замужам. У іх дома так цудоўна. У яе шмат сукенак і прыгожая бялізна. Я вельмі ёй зайздрошчу. Яна пасмажыла тры катлеты. Зінка ня мела апэтыту, але я зьела ўсё. Зінка думае, што я яшчэ дзяўчына, і апавядае мне розныя рэчы пра свайго мужа і пра Мікалая, бо яна надалей зь ім бачыцца і яны кахаюць адно аднаго. Я сказала, што муж можа пра гэта даведацца, але яна кажа, што трэба так рабіць, каб не даведаўся, бо яму будзе прыкра.

Кастрычнік, 21-га году

Паўлуша прызнаўся мне ў каханьні. Прасіў, каб я згадзілася быць яго жонкай. Я сказала яму, што я замаладая і ня выйду за яго замуж, бо ён мала зарабляе, і як бы мы жылі? Паўлуша сказаў, што падзарабляе прыватна. Але я не згадзілася.

Зінка пазнаёміла мяне з Коліным братам, Сашам. Ён мне вельмі падабаецца. Ён высокі, зграбны і ў яго прыгожыя вочы. Толькі твар непрыгожы. Але затое ён добра грае на гітары і сьпявае. Я сказала Зінцы, што ён мне падабаецца. Зінка мне раіла сысьціся зь ім. Я адказала, што баюся, каб не было дзіцяці. Тады Зінка пачала мяне вучыць, як засьцерагацца ад гэтага. Яна заўсёды так робіць. Яна кажа, што жанчына ад цяжарнасьці брыдчэе. Я ведаю, што гэта няпраўда, бо знаю жанчын, якія мелі некалькі дзяцей і ўсё адно прыгожыя. Гэта толькі Сонька такой рапухай зрабілася. Але гэта пакараньне за кепскі характар.