Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 83
Сергей Песецкий
Раптам мне зрабілася так весела, што я пачала сьпяваць. Пасьля Павін пасадзіў мяне на калені і зноў пачаў цалаваць. І я яго цалавала. Пазьней пачаў разьдзяваць мяне. Я не дазваляла. Але ён сказаў, што парве на мне ўсё. Я вельмі спалохалася. Гэта ж мая адзіная добрая сукенка. І ён мяне цалкам разьдзеў.
Пасьля ён рабіў са мной, што хацеў, хоць я яго папярэджвала, што не хачу дзяцей. І зусім ня быў ласкавы. Я супраціўлялася, сказала, што буду крычаць, а ён адказаў: «Толькі пікні, так табе наб’ю морду!» Ох, як жа гэта брыдка! Ці ж я магла падумаць, што ён так са мной абыдзецца.
Ужо няма выйсьця. Павін робіць са мной, што хоча. Пагражае, што калі я ня буду яго слухаць, то ён раскажа ўсё бацькам. Аднаго разу я яго спытала: калі мы пажэнімся? А ён расьсьмяяўся і адказаў: «Навошта? Нам жа і так добра. Зрэшты, ты мне не падабаешся аж настолькі, каб я сябе зьвязаў. Ты павінна зразумець, што я не магу жаніцца з кожнай дзяўчынкай, якой зрабіў прыемнасьць. Што б гэта было? Давялося б гарэм завесьці! Зрэшты, ты ўжо пачынаеш мяне нудзіць».
Як жа гэта прыкра! А можа, ён толькі жартуе. Аднойчы я набралася сьмеласьці і спытала: што ён зробіць, калі я зацяжару? Ён сказаў: «А я тут пры чым? Зрэшты, цяпер не такія часы, каб галаву сабе гэтым забіваць. Цяпер дзецьмі апякуецца дзяржава. Не турбуйся пра гэта. Можаш хоць па дванаццаць за раз нараджаць».
Здарылася жахлівая рэч! Павін, як звычайна, завёў мяне да сябе. Зноў загадаў піць самагон, а калі я напілася, разьдзеў мяне і схаваў усе мае рэчы ў другім пакоі. Пасьля вярнуўся адтуль зь яшчэ двума мужчынамі. Я плакала ад сораму і роспачы, але нічога не дапамагло. Яны рабілі са мной, што хацелі, пасьля я ледзь здолела вярнуцца дадому. Мама зьвярнула ўвагу на тое, што я вельмі кепска выглядаю. Я сказала, што хворая і што мне баліць галава.
Ня ведаю, што рабіць. Цяпер я бачу, што ён ня толькі мяне не кахае, але нават не паважае. Можа, тая гарэлка, якую мы пілі, была платай за мяне. Я гіджуся самой сябе.
Я вырашыла, што калі зацяжару, то атручуся. Іншага выйсьця няма. На спатканьне з Павіным пазаўчора і ўчора не пайшла. Хай будзе, што будзе. Гэта такі нягоднік, што ад яго ўсяго можна чакаць.
Апоўдні ўбачыла, што Павін ходзіць пад вокнамі нашай кватэры і насьвіствае. Спачатку я вельмі спалохалася. Пазьней вырашыла пагаварыць зь ім і ўсё сказаць. Выйшла з дому. На рагу вуліцы ён падышоў да мяне. Спытаўся груба, ці ён павінен гадзінамі мяне чакаць. Тады я сказала, што ён нягоднік, што я яго ненавіджу і ніколі да яго не прыйду. А калі будзе мне дакучаць, то атручуся і напішу падрабязна, што ён са мной рабіў і што ён мяне да гэтага давёў. Я выйшла з раўнавагі і пачала крычаць: «Ты падлец, ты нягоднік, а не афіцэр! Прайдзісьвет ты!» Каля нас пачалі спыняцца людзі. Павін зьбялеў. Пачаў мяне супакойваць: «Лізка, не нэрвуйся, я табе ўсё патлумачу». Тады я плюнула яму ў твар і сказала: «Ты мне ўжо ўсё патлумачыў!» І пабегла па вуліцы, сама ня ведаю куды. Вярнулася я дадому позна, але была ўжо цалкам спакойная. Усё адно, што будзе. Лепей ня жыць, чым цярпець такія зьдзекі!