Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 82
Сергей Песецкий
Калі выйшла з лазьні, першым, каго я ўбачыла, быў Павін. Ён хадзіў на другім баку вуліцы і чакаў мяне. Я зрабіла выгляд, што хачу яго абмінуць, але ён заступіў мне дарогу, і мы пайшлі разам. Ён казаў, што ў мяне пякельна прыгожыя вочы й валасы. Што я найпрыгажэйшая дзяўчына, якую ён калі-кольвек бачыў. Ён быў вельмі мілы і ўсё больш мне падабаўся. Я не дазволіла яму правесьці мяне дадому, бо матуля магла заўважыць.
Тады ён папрасіў мяне, каб я прыйшла калі-небудзь на спатканьне. Спачатку я рабіла выгляд, што не хачу, пад канец згадзілася і разьвіталася зь ім.
Павін шалёна мне падабаецца. Ён нашмат прыгажэйшы за Кобзава і такі мілы. Калі ён возьме мяне замуж, то Сонька звар’яцее ад злосьці. Але я дазволю яму толькі цалаваць мяне, нічога большага. Бо зусім ня маю намеру мець дзяцей і так галасіць, як Сонька. Няма дурных!
Тры разы я схадзіла на спатканьне з Павіным. Ён прыносіць мне кветкі, але зусім ня просіць, каб я была яго нявестай або жонкай. Можа, баіцца, што я не згаджуся? Ня ведаю, як яго падахвоціць. Ён пытаўся, ці кахала я каго-небудзь. Я сказала, што не. Пасьля спытаў, ці кахаю я яго хаця б трошачкі. Я сказала, што ня ведаю. Чаму ж ён ня кажа, што кахае мяне? Які недарэка! А можа, баіцца, што я зь яго пасьмяюся?
Сёньня Павін пайшоў са мной на шпацыр у кірунку вакзалу. Сказаў, што хоча зайсьці дадому, штосьці ўзяць. У браме ён папрасіў, каб я пачакала, але адразу вярнуўся і запрасіў зайсьці да яго, бо чакаць на вуліцы прыкра. Я згадзілася.
Ён жыве ў цудоўнай двухпакаёвай кватэры з асобным уваходам. Папрасіў мяне сесьці на канапе і выйшаў у другі пакой. Хутка вярнуўся, сеў побач і пачаў цалаваць мяне. Гэта зусім не было прыемна, але я не супраціўлялася, бо хацела, каб ён стаў маім жаніхом. Ня ведаю, чаму ён сказаў, што ён не гатовы. Я не зразумела гэтага.
Неўзабаве пасьля Павін сказаў, каб я пачакала, а ён хутка вернецца. Даў мне нейкія ілюстраваныя часопісы і прасіў не нудзіцца. Зачыніў дзьверы і пайшоў. Тады мне зрабілася страшна. Я хацела адчыніць акно на вуліцу і вылезьці з пакою. Але падумала, што ён такі ласкавы й добры і што нельга яго засмучаць. І засталася.
Павін вярнуўся за паўгадзіны. Прынёс пляшку самагону і нейкіх пяльменяў. Сказаў, каб я выпіла, але я не хацела, бо гэта брыдка. Тады ён выпіў поўную шклянку і сказаў, што я таксама павінна выпіць, каб давесьці, што кахаю яго. Ён так настойваў, што мне давялося гэта зрабіць. Пасьля Павін дапіў самагон.