Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 81
Сергей Песецкий
Сонька нарадзіла сына. Колькі ж было крыку! Якая беганіна! Цяпер пра мяне ўжо зусім забыліся. Усе захапляюцца малым. Паказалі мне. Такі агідны, зморшчаны, лысы. Я сказала, што ён брыдкі. Як накінуліся на мяне… Ніколі нельга людзям праўды сказаць! Але я ня думала, што дзіця адразу такое вялікае. Я меркавала, што самае большае як агурок. Цяпер не дзіўлюся, што Сонька так крычала. Я вырашыла, што ніколі нікому не аддамся, нават калі ён мяне будзе кахаць. Дазволю толькі цалавацца, бо ад гэтага дзяцей не бывае. Сказала гэта Зінцы. Яна вельмі сьмяялася зь мяне. Пазьней прынесла мне такую кніжку, дзе ўсё апісана. Толькі прасіла мяне, каб старэйшыя ня бачылі. Я ўпотайкі чытала яе ўначы. Гэта шалёна цікава. Асабліва малюнкі і фатаграфіі. Але трохі прыкра.
Я прысьніла, што я танчыла зь якімсьці зграбным, высокім мужчынам. У яго былі прыгожыя вусы, чорныя вочы, і ён так прыціскаў мяне да сябе падчас танцу, што аж дух займала. Пасьля мы пайшлі ў якісьці пакой, і ён пачаў мяне цалаваць. Тады я зрабіла выгляд, што прымлела. Ён занёс мяне на ложак і пачаў разьдзяваць. А я так баялася і дрыжала. Але адчыніліся дзьверы і ўвайшла Сонька. Сказала: я ўсё раскажу матулі, усё раскажу, прастытутка ты! Як я спалохалася! Я абудзілася, і ў мяне так калацілася сэрца. Добра, што гэта толькі сон. Аднак шкада… А Сонька нават у сьне мяне перасьледуе.
Учора сядзела ля акна і чытала «Трох мушкетэраў» Дзюма. Такая цудоўная кніжка! Ніколі ў жыцьці не чытала цікавейшай. Па ходніку ішоў нейкі краском. Паглядзеў на мяне і спыніўся. Я ўсьміхнулася яму. Тады ён пачаў набліжацца да акна. Я б ахвотна зь ім пагаварыла, але баялася мамы, таму ўцякла ад акна і схавалася за печчу. Ён пастаяў трохі і пайшоў. Я падбегла да акна і назірала за ім. На рагу вуліцы ён спыніўся, пасьля пайшоў назад. Тады я захінула фіранку. Краском колькі разоў прайшоўся пад акном, а пасьля пайшоў і не вярнуўся. Ох, якая я дурная. Трэба было выйсьці на вуліцу, можа, там удалося б зь ім пагаварыць. А такі харошы.
Ішла ў лазьню вуліцай Садовай і абагнала аднаго вайскоўца. Не зьвярнула на яго ўвагі, бо я сьпяшалася. Раптам ззаду нехта мяне паклікаў: калі ласка, можна вас на хвілінку. Я абярнулася і адразу пазнала таго краскома. Але зрабіла выгляд, што ня памятаю яго. Ён спытаў, куды я іду. Я сказала, што ў лазьню. Ён заўпарціўся, што таксама пойдзе са мной і дапаможа мне памыцца. Такі сьмешны. Я сказала, што яго ня пусьцяць у жаночы аддзел. Тады ён мне прапанаваў, каб я пайшла разам зь ім у мужчынскі аддзел. А туды мяне ня пусьцяць, — адказала я. Ён сказаў, што ніхто не здагадаецца, што я дзяўчына. Падумаюць, што гэта такі прыгожы хлопец. Які дзівак! Калі разьвітвалася зь ім пры ўваходзе ў лазьню, ён прадставіўся: краском Павін. Вельмі прыгожае прозьвішча. Я спадзявалася, што ён прызначыць мне спатканьне, але ён гэтага не зрабіў і мне пасьля было прыкра. Відаць, я ня вельмі яму спадабалася. Я мылася і ўвесь час думала: як бы ён мяне мыў? Пры гэтым мне было трохі сорамна, але прыемна (а Сонька заўсёды ходзіць з мужам у лазьню, у асобны нумар). Я глядзела на іншых жанчын, але я была найпрыгажэйшая. Цяпер ужо не масірую грудзі, бо ў мяне большыя, чым у Зінкі.