Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 78
Сергей Песецкий
— Калі ты прыйдзеш?
— Заўтра вечарам. Пойдзем у кіно.
— Добра.
На вуліцы Раман спаткаў Брагіных і павітаўся зь імі.
— Куды так сьпяшаесься? — спытаў яго Брагін.
— На дзяжурства. Зайшоў толькі на хвілінку.
— А можа, вернешся на гарбату?
— Нельга. І так шмат часу вытраціў.
Раман засьпеў Карнеўскую за столікам за чытаньнем «Правды».
— Дзіўная газэта, — сказала яна Раману. — Немагчыма зразумець, дзе праўда, а дзе хлусьня.
Калі Карнеўская пайшла, Раман запісаў у «дзёньнік» групы, зачыніў дзьверы, лёг на канапу і дастаў з кішэні кніжку, якую ўзяў у Лізкі. Разгарнуў яе і прачытаў уверсе: «Елізавета Брагіна». Пасьля было напісана вялікімі літарамі: «Мой дзёньнік». Унізе ў дужках: «Хто яго возьме без пытаньня, той бяз носу стане».
Раман зьдзівіўся: «Навошта яна мне яго дала? Яна казала: „Сад пакутаў Мірбо“. Можа, хоча пахваліцца сваім літаратурным майстэрствам?»
Яму не прыйшло да галавы, што гэта памылка і што кніжак у зялёнай паперы на паліцы было дзьве. А Лізка забылася, што паставіла «Дзёньнік» на паліцу.
Раман запаліў папяросу і пачаў чытаць ад пачатку:
Елізавета Брагіна
МОЙ ДЗЁНЬНІК
(Хто яго возьме без пытаньня, той бяз носу стане).
Атрымала ў падарунак ад Зінкі гэты прыгожы альбом і вырашыла весьці дзёньнік. Паколькі паперы мала, буду запісваць толькі самыя важныя рэчы.
Мне 15 гадоў. Я вельмі прыгожая. Калі іду па вуліцы, то мужчыны заглядаюцца на мяне. Гэта мяне вельмі цешыць, але я раблю выгляд, што не заўважаю гэтага і што мне ўсё адно. Толькі аднойчы паспрачалася з Сонькай. Яна страшна дурная і зашмат пра сябе думае.
Было гэта так: мы ішлі па Узьбярэжнай. Амаль кожны мужчына заглядаўся на нас. А Сонька ўвесь час: «Бачыла, як той вайсковец на мяне глядзеў? І два разы азірнуўся. Я яму састроіла вочкі. Ён думае, што вельмі мне спадабаўся». Тады я сказала ёй, што яна бессаромная, бо сама на кожнага заглядаецца. Сонька страшна раззлавалася і сказала, што я дурная, а я ёй сказала, каб яна сабе не выдумляла, што гэта на яе заглядаюцца, бо гэта на мяне. Яна ледзь не ашалела. У яе аж нос пачырванеў. Кажа, што я яшчэ смаркачка. А я сказала, што няхай я смаркачка, але ў мяне прыгожыя ногі, а не такія хадыркі, як у яе. І яшчэ сказала — чаму як ты адна ідзеш, дык на цябе не заглядаюцца? А я калі адна іду — кожны азіраецца. Ах, якая яна была злосная! Але пасьля давялося ёй сказаць, што я жартую.
Вельмі кепска быць малодшай сястрой. Для Сонькі робяць новыя сукенкі альбо перарабляюць старыя маміны, а я мушу даношваць тыя, якіх Сонька не знасіла. Нядаўна плакала, бо мне не купілі туфлікаў. А колькі ўжо разоў абяцалі. Шавец прынёс для Сонькі прыгожыя шаўровыя туфлікі. Яна іх адразу абула і пайшла на шпацыр. Увесь Менск яе павінен бачыць! Мне матуля дала Соніны туфлікі. Сказала: яны яшчэ добрыя. Я іх кінула ў кут. Зусім ня буду іх насіць. Няхай Сонька адразу дзьве пары носіць. І хаджу ў сандаліках. А вечарам Сонька ледзь прыйшла дадому. Панамульвала сабе ногі да крыві, панацірала мазалі. Я так усьцешылася. Сказала ёй, што калі дасьць мне свае новыя, то я ёй вярну старыя. А яна кажа: фігу! Шавец разаб’е туфлікі. Такая сквапная сьвіньня!