Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 77

Сергей Песецкий

Скончыла песеньку і, прыціскаючы руку да сэрца, пачала кланяцца і ўсьміхацца ўяўнай публіцы. Пасьля расьсьмяялася і паказала сабе язык. Падышла да люстра. Пасьлініла бровы і вейкі, пакусала губы, каб яны сталі ярчэйшыя, і доўга паварочвалася перад люстрам, прымаючы розныя паставы.

Раптам ёй здалося, што ў суседнім пакоі быў нейкі рух. Яна замерла на месцы, прыслухоўваючыся, але было ціха. Яна ўсё-ткі ўзяла лямпу і пайшла спраўдзіць. Агледзела пакой — нікога. Выйшла ў сенцы. Праверыла, ці зачыненыя дзьверы, пасьля вярнулася ў свой пакойчык. Захінула фіранкі на акне. Паставіла лямпу на стол, выцягнула з-пад ложка куфэрак і адчыніла яго ключом. Агледзела схаваныя там рэчы, пасьля дастала кніжку ў абгорнутай зялёнай паперай вокладцы. Куфэрак засунула на месца. Яна села за стол і пачала праглядаць старонкі кніжкі. Часам усьміхалася ці хмурылася. Пасьля паклала кніжачку на стол, напісала дату — 19.VII.23 — і прыгожым, старанным почыркам пачала запаўняць чыстую старонку. Час ад часу спынялася: штосьці ўспамінала, абдумвала, тады зноў пачынала пісаць.

Раптам грымнулі весьніцы каля брамы і на падворку пачуліся хуткія крокі.

— …Відаць, хтосьці да Жарскай, — падумала Ліза.

Аднак крокі скіраваліся да сходаў іх кватэры. У дзьверы пастукалі. Ліза выбегла ў сенцы.

— Хто там?

— Я, Раман.

— Пачакай хвілінку.

Лізка пабегла ў свой пакой, паклала чырвоную прамакатку на сьпісаную старонку і агледзелася наўкола. Хацела пакласьці кніжачку пад падушку, але перадумала і паставіла яе паміж іншымі кніжкамі на палічцы, у куце паміж дзьвярыма і акном. Пасьля зноў выбегла ў сенцы і адчыніла дзьверы.

— Ты адна?

— Адна. Тата і мама пайшлі да Кобзава. Зоська захварэла. Мяне пакінулі дома. Так страшна нуджуся. Я цябе не чакала. Вельмі добра, што ты прыйшоў.

Раман зьняў шынель і кінуў на крэсла. Пасьля сеў. Лізка пачала гладзіць яго па галаве. Ён усадзіў яе сабе на калені.

— Як табе ўдалося вызваліцца?

— Я вельмі сумаваў па табе. Ня бачыў цябе цэлы дзень. Вечарам прыйшла супрацоўніца, дык я яе папрасіў, каб замяніла мяне на дзьве гадзіны, і прыбег сюды.

Ліза надзьмула губкі.

— Прыгожая гэтая супрацоўніца?

— Так, прыгожая.

— Ты агідны!

— Што ж я такога сказаў? Яна прыгожая, але не такая, як ты. Ты ж мая адзіная! Самая цудоўная, самая прыгожая, самая мілая, самая каханая!

— Ну, ну добра. Ну пусьці!.. Адчапіся!

За гадзіну Раман пачаў зьбірацца сыходзіць. Лізка на кухні ставіла самавар. Раман увайшоў туды, каб разьвітацца.

— Не сыходзь, Ромка, папі гарбаты.

— Трэба ісьці. Я ж абяцаў хутка вярнуцца.

— Дык навошта я самавар стаўлю?

— Сама пап’еш гарбаты.

Раман пацалаваў дзяўчыну і пайшоў. Вярнуўся з парогу:

— Мо дасі мне якую кніжку? Пачытаю ўначы.

— Ты чытаў «Сад пакутаў» Мірбо?

— Не.

— Зіна мне пазычыла. Цікавая рэч.

— Давай.

— Вазьмі сам з палічкі. У мяне рукі брудныя.

Раман вярнуўся ў пакой Лізкі.

— Каторая кніжка? — крыкнуў ён у адкрытыя дзьверы.

— У вокладцы зь зялёнай паперы.

Раман узяў з доўгага шэрагу загорнутую ў зялёную паперу кніжку і сунуў яе ў кішэнь шыняля. Пасьля пайшоў у кухню. Зноў пацалаваў Лізку.