Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 76

Сергей Песецкий

Мне вельмі шкада яе. І за што зьнішчылі гэтага мілага салавейку? Навошта выраклі на вар’яцтва гэтую добрую жанчыну? Каму была з гэтага карысьць? Ці гэта патрэбна для дабра пралетарыяў альбо для ўмацаваньня сацыялізму? Хай жа хто-небудзь знойдзе гэтаму апраўданьне! Ёсьць такія, што знойдуць. Я іх ведаю. Але гэта тыя, хто са страху перад чырвоным гадам самі гатовыя купацца ў крыві і забіваць без згрызотаў сумленьня, толькі б працягнуць хоць на сэкунду сваё подлае жыцьцё. Урэшце, тыя дурні, якія будуць у зялёных акулярах жэрці салому, нахвальваючы: «Сакавітае сенца».

А я пішу вам усё гэта. Я паказваю так, як сам бачу. Тлумачу так, як веру і як умею — шкада, што ня так, як хачу, бо ўмею мала што. Але запэўніваю вас, што я не кіруюся ніякімі заднімі думкамі, пішучы гэта. Я ні за што не хапаюся, нават за жыцьцё, бо столькі разоў ужо я быў па-за яго межамі, столькі разоў канаў, што тое, што я ўвогуле яшчэ магу пісаць, я лічу сьляпой воляй лёсу, а сябе — толькі заблуканым госьцем сярод вас. Я адно ад усёй душы прагну, каб добрым людзям было лёгка жыць на сьвеце. Можа, мае словы расплюшчаць камусьці зь іх вочы? Можа, чагосьці навучаць, можа, ахаваюць кагосьці ад сьлёз, расчараваньняў ці пакутаў? Гэта была б вялікая справа і вялікая для мяне радасьць.

Я пішу гэта не для сяброў, не для буржуяў, не для беднякоў, не для лібэралаў, не для якіх ліг, не для сацыялістаў, не для камуністаў і не для іх ворагаў, а для тых, хто можа стаць ахвярамі ўласных ілюзіяў ці чыёйсьці несумленнасьці. Пішу для добрых людзей, якія могуць зазнаць катаваньні ў руках такіх нягоднікаў, як тыя, што пануюць на адной шостай частцы сьвету і зьдзекуюцца са 160 мільёнаў людзей, прагнучы зьдзекавацца з двух мільярдаў.

Вось жа, я пішу гэта для добрых людзей. Бо нават адна хвіліна пакутаў такой істоты, як Наташа, Люба, Тамара, вартая большага, чым жыцьцё і праца ўсіх тых «абаронцаў свабоды чалавека» разам узятых.

VI

САД ПАКУТАЎ

Гэта была добрая і ўдзячная істота,

чыё сэрца расшыралася настолькі,

наколькі яе чэрава напаўнялася добрым наедкам,

і чый дух ажыўляўся ад ежы, як у некаторых ад пітва.

Вашынгтон Ірвінг,

«Легенда пра Сонную лагчыну»

Брагіны пайшлі да зяця. Яны хацелі адведаць дачку, якая захварэла. Лізка таксама хацела пайсьці туды, але яе пакінулі пільнаваць кватэру, бо ўчора абрабавалі суседзяў, а сёньня нейкія падазроныя асобы круціліся на падворку.

Надышоў вечар. Ліза нудзілася. Яна ведала, што ў Рамана сёньня дзяжурства, і ёй было вельмі сумна адной. Яна села ля акна і назірала мінакоў, пакуль не сьцямнела. Пасьля пачала сьпяваць. Спачатку ціха, тады ўсё гучней. Яна слухала свой голас, і ён вельмі ёй падабаўся. Ёй здавалася, што ніколі яна ня чула прыгажэйшага сьпеву.

У куце пакою стаяла вялікае люстра. Лізка запаліла лямпу, паставіла яе на стале і, стоячы перад люстрам, пакланілася й пачала сьпяваць:

Мчыцца тройка, сьнег пушысты, Ноч марозная наўкола, Па-над лесам задуменным Серабрыстай поўні кола.