Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 75

Сергей Песецкий

— А можа, яны жывяць ілюзіі?

— Правадыры ілюзіяў ня маюць. Яны цудоўна арыентуюцца ў тым, што робяць і што зрабілі; аднак яны ня маюць іншага выйсьця. Вы думаеце, яны трымаюць у таямніцы забойствы, якія адбываюцца ў сутарэньнях ГПУ? Не. Пра іх шырока вядома, і яны нават стараюцца, каб пра ўсё было як найшырэй вядома. Адзінае іх апірышча — гэта страх грамадзянаў. На ім яны ўсё будуюць… Калі ў былой ахранцы зьбівалі людзей, дык пра гэта крычалі на ўвесь сьвет. І правільна рабілі. А самі яны цяпер робяць так: забіваюць дзясяткі тысяч вінаватых і бязьвінных людзей, каб пра гэта было вядома як найшырэй. Толькі з той розьніцай, што яны стараюцца, каб пра гэта ня ведала замежжа. І яны гэтага дасягнулі… Я выпадкова даведаўся пра адно здарэньне — дробязь на фоне іншых злачынстваў, але характэрная. Адзін савецкі чыноўнік стараўся здабыць прыхільнасьць прыгожай дзяўчыны, супрацоўніцы той жа ўстановы. Ягоны начальнік, партыйны, упадабаў яе, і таму без усялякага сораму абвінаваціў яго ў сабатажы ці ў чымсьці іншым. Суперніка зьліквідавалі. Яго расстралялі разам зь дзясяткам іншых. Чэкісты былі п’яныя. Работы было шмат, і яны ня спраўдзілі, ці добра яе выканалі. Чыноўнік гэты, якога куля раніла не сьмяротна, выбраўся з-пад зямлі, бо ён быў толькі зьлёгку прысыпаны, і дабраўся да сваякоў. Там яго вылечылі, а пасьля выправілі з гораду. Ён паехаў у Віцебск і паступіў на працу ў іншую ўстанову. Досыць доўгі час працаваў. Але здарылася так, што адзін чэкіст, які ведаў яго з выгляду, прыехаў у Віцебск і зайшоў у гэтую ўстанову. Бачыць: нябожчык працуе. А ён нават прозьвішча не зьмяніў. Арыштавалі небараку, прывезьлі ў Менск і, не зважаючы на ўсе намаганьні сям’і, зноў расстралялі. Справядлівасьць перамагла. Лепей расстраляць 99 990 бязьвінных, чым даць уцячы аднаму вінаватаму. Такім ёсьць прынцып паляўнічага права.

Калі я іду да Наташы, заўсёды прыношу для Любы цукеркі і папяросы. Яна цешыцца зь іх, як дзіця, і хавае. Баюся, што яна не ачуняе ад свайго вар’яцтва. Колькі разоў яна мне сьпявала. Аказалася, што ў яе прыгожы голас. Але яна заўжды сьпявала ціха. Наташа сказала, што гэта дзеля страху, бо ў турме яе за сьпевы каралі. Найчасьцей яна сьпявала мне:

Все говорят, что я ветрена бываю, Все говорят, что я многих люблю. Но почему же всех я забываю, А одного забыть я не могу.