Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 74
Сергей Песецкий
— А што будзе зь Любай?
— Ня ведаю.
Наташа задумалася. Пасьля яна сказала панура:
— Усё гэта дарма!
— Чаму?
— Я не магу выракаць яе з сабой на няпэўны лёс. Ох, як жа гэта цяжка!
Тады я сказаў:
— Магу я гаварыць шчыра?
— Так.
— А яе лёс тут вы ўважаеце за пэўны? Вы столькі пакутаў прайшлі разам. Яна была вашай паплечніцай у найгоршыя хвіліны жыцьця. Верыла вам, любіла вас. Цяпер яна вар’ятка. Яна будзе для вас цяжарам, але рэч ясная, што нідзе ёй ня будзе так дрэнна, як тут. Бярыце яе з сабой. Можа, знойдзеце там каго зь яе сям’і ці знаёмых. Можа, людзі ёй дапамогуць. Ня так зь ёй усё й кепска. Яна часта бывае прытомная. А можа, гэта пройдзе.
— Значыць, вы згодны правесьці нас абедзьвюх у Польшчу?
— Натуральна. Я ўжо шмат людзей адсюль выцягнуў.
Мне падалося, што Наташа стала іншая пасьля той размовы. Надзея на лепшую будучыню адрадзіла яе. Позірк яе раней быў халодны, абыякавы, гаварыла яна мала і неахвотна. Цяпер яна ставіцца да мяне вельмі зычліва. Нядаўна яна спытала:
— Як вы думаеце: ці адродзіцца яшчэ Расея?
Я адказаў:
— Абавязкова. З крыві і крыўдаў, у якіх бальшавікі ўтапілі Расею, вырастуць мсьціўцы і пачнуць змаганьне з рэжымам. Зрэшты, нават калі пойдзе ня так, то бальшавікі самі сябе зьнішчаць. Калі гэтак пойдзе далей, то застануцца ў Саветах, на руінах Расеі, тры сапраўдныя камуністы «безь ніякіх адхіленьняў» — Ленін, Троцкі, Дзяржынскі — і звыраднелы дарэшты апарат ГПУ. Тады сяляне і рабочыя змогуць паўстаць і сказаць: «А цяпер мы вас папросім, вялікія правадыры, даць справаздачу: што вы з намі зрабілі і навошта вы гэта зрабілі?»
— А хто ім усё патлумачыць? Хто іх павядзе?
— На маю думку, не эміграцыя і не вялікія рэвалюцыйныя дзеячы, але савецкая інтэлігенцыя. Наступнікі тых, хто калісьці ішоў у «Зямлю і Волю», да сацыялістаў. Тыя, хто рабіў замахі на цароў, губернатараў, міністраў. Яны першыя расплюшчаць вочы і першыя распачнуць рэвалюцыйную, альбо — паводле бальшавіцкай тэрміналёгіі — «контрарэвалюцыйную» дзейнасьць. Гэта пачнецца нягледзячы на тэрор, нягледзячы на ізаляцыю ад замежжа. Гэта прыйдзе, як бура, і ўсё зьмяце.
— А які тады будзе лад?
— Мяркую, дэмакратычны. На ўзор якой-небудзь з сапраўды дэмакратычных дзяржаў. Тады Расея за 10 гадоў, нават аднаўляючыся з руінаў, стане магутнай дзяржавай. Бо тады ўсе грамадзяне змогуць сапраўды працаваць, любіць працу і будуць самі вызначаць свой лёс. Там, дзе пачынаецца ажыцьцяўленьне бальшавіцкай тэорыі, гіне ўсё: дабрабыт, закон і людзі. Там, адкуль яны сыходзяць, жыцьцё адраджаецца нанова. Вы бачыце, што зрабілі звычайныя камэрсанты і спэкулянты, т. зв. нэпманы, за адзін год. Яны паставілі на ногі гандаль. Ёсьць хлеб, мяса, скуры, мануфактура. А возьмецца за гэта бальшавіцкі ўрад — зноў усё зьнікне. І не чыясьці злая воля таму віной, а самі ўлады.
— Я чула ў турме на Шпалернай, што ГПУ помсьціць інтэлігенцыі за зрыненьне царызму.
— Мяркую, гэта глупства. Я ведаю толькі, што ў ГПУ працуе больш «клясавых ворагаў», чым у любой іншай савецкай арганізацыі. Там працуюць нават агенты царскай ахранкі, царскія жандары — тыя самыя, якія калісьці Пэтэрсу трэскі пад пазногці забівалі. А цяпер Петэрс, помсьцячы за свае пазногці, дае ім магчымасьць убіваць трэскі ў сэрца ўсёй Расеі. А ім толькі гэтага й трэба. Яны на ўсё гатовыя, абы толькі захаваць жыцьцё. Вы павінны ведаць — я ў гэтым шматкроць пераконваўся — садызм заўсёды вынікае са страху. А садыстам можа быць толькі баязьлівец. Чалавек сьмелы ня будзе зьдзекавацца зь безабароннага, хворага, жанчыны, дзіцяці. А садыст акурат тады адчувае найбольшае задавальненьне. Расеяй цяпер кіруюць якраз садысты і баязьліўцы, якія так загразьлі ўва ўласных злачынствах, што ня маюць дарогі назад. Адзіны іх паратунак — масавы тэрор. Адзінае апірышча — ГПУ. І так вось яны плывуць па моры крыві і нянавісьці бяз мэты і без кірунку.