Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 71
Сергей Песецкий
Клядзінскі засьпяваў:
Замоўк. Ён ішоў у задуменьні. Калі сябры праходзілі праз Губэрнатарскі сад, спыніўся. Уздыхнуў і сказаў ціха:
— Усё гэта, браце, блазнаваньне. Усе мы не такія, якімі мы напраўду ёсьць. У жыцьці людзей здарылася вялізная памылка і доўжыцца, доўжыцца без канца. Я, ведаеш, увесь час дурэю — ты, мабыць, таксама мяне за блазна ўважаеш — а чаму? Бо ня варта глядзець на сьвет сур’ёзна, такое ўсё подлае і бязглуздае. А найгоршае тое, што гонар чалавека згублены. Згублены цалкам. А чалавек — гэта ж найбольшая каштоўнасьць. І ўсё трэба рабіць для яго. А тут, з розных бакоў, разнастайныя нягоднікі ствараюць праграмы, тэорыі, ідэі. Усё там ёсьць. Усё: і свабода, і роўнасьць, і братэрства. Унівэрсальны склад лекаў ад усіх балячак чалавецтва. А няма найважнейшага: чалавек — гэта найбольшая каштоўнасьць, і ў выпадку патрэбы ўсё павінна быць падпарадкавана яму. Нельга змушаць чалавека да чагосьці. Можна яго вучыць, выхоўваць, нельга ператвараць у матэрыял для знуджаных кар’ерыстаў, што пнуцца ці то да славы, ці да пасадаў, ці да багацьця, ці да ажыцьцяўленьня сваіх геніяльных тэорый, якія ідуць на глум пры першым сутыкненьні з рэчаіснасьцю. Гэта выточны пункт… Вось жа, згублены назаўсёды гонар чалавека і пашана да яго, і няма ўжо гэтаму рады!.. У мяне засталася адна ідэя, у якую я веру непахісна: трэба змагацца ўсімі сіламі супраць тых, хто ня мае пашаны да чалавека, хто бачыць у ім адно матэрыял для сваіх экспэрымэнтаў. І буду змагацца. Гэта ніякае ня выйсьце — толькі помста за зьнявагу чалавечай годнасьці. Ты ведаеш: я зусім не такі, якім падаюся. Я сапраўды люблю людзей. Я так мала хачу для сябе і так шмат хацеў бы для іх зрабіць. Усяго сябе аддаў бы! Маю моц і розум, і добрыя памкненьні. Але я не магу працаваць там, дзе мяне трымаюць за нішто. Ты ведаеш, нават Ленін — геніяльны чалавек — і ён супраць гэтай памылкі ня выступіў. І ён у ёй заграз. І ён ня меў пашаны да чалавека. Што я кажу: пашаны? Ён пагарджаў чалавекам. Селяніна і рабочага за нішто трымаў. Нават на сваіх партыйных таварышаў не зважаў. Што ж казаць пра іншых? Як жа гэта ўсё подла! Так подла, што жыць ня хочацца. І каб з гэтага хоць выйсьця не было, але ж ёсьць.
— А якое выйсьце?
— Простае. Шчыра шанаваць кожнага чалавека, умець ставіць сябе на яго месца і сапраўды працаваць з усяе сілы, каб як найхутчэй вырваць сябе і ўсіх іншых з ганьбы нашага быцьця. А перадусім трэба забыцца на собскі інтарэс і перастаць карыстацца лёзунгамі нянавісьці. Ува ўсім сьвеце ня так, як павінна быць. Але калі я гляджу на тое, што тут дзеецца, то часта думаю, што сьню гэта, самому сабе ня веру, і ўжо не абурацца, а сьмяяцца хочацца! А можа, плакаць? Бо тут чалавек ня мае абсалютна ніякай людзкой годнасьці. Як сабака, адданы на ласку ці няласку здурнелага гаспадара, які так заблытаўся ўва ўласных мысьленных ашуканствах, што ўжо сам ня ведае, чаго хоча. І сёньня зацята бароніць тое, што яшчэ ўчора адпрэчваў. Ён кіруецца толькі адным: сваім капрызам, сваім шаленствам, сваёй пыхай! А людзі маюць на выбар толькі два шляхі: стаіць альбо катам, альбо нявольнікам. І за тое, каб стаць катамі, тут грызуцца мільёны. Я таксама меў на выбар два шляхі. Але я здолеў знайсьці трэці. Я змагаюся супраць катаў. І буду з кожным, хто супраць іх паўстане. Ох, запомняць расейскія сяляне і рабочыя дыктатуру пралетарыяту! І будзе цікавы матэрыял для дасьледаваньня над масавым вар’яцтвам у псыхолягаў будучыні.