Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 69
Сергей Песецкий
Дастаў гаманец і паклаў на столік грошы.
— Дзякую за варажбу. Можа, калі-небудзь зноў зайду да вас.
— Калі ласка. Толькі прыходзьце цалкам цьвярозы.
Раман і Харэўскі выйшлі на двор. Дождж зусім скончыўся, але вецер быў вялікі. Падняўшы каўняры, сябры шлёпалі па калюгах.
— Гэта дзіўна, — сказаў Раман.
— Так, — адказаў Харэўскі. — А ты ня верыў. Ведаеш, што яна мне сказала?.. Што я памру сёлета.
— Гэтага нельга прадбачыць.
— А я ёй веру. Зрэшты, прадчуваю гэта. Мне ўсё адно.
Вярнуўшыся ад Харэўскага дадому, Раман запісаў дату і гадзіну, а якой быў у варажбіткі: 28 чэрвеня, 9 вечара.
Клядзінскі прыехаў у Менск І ліпеня. Гэта была нядзеля. Ён быў у выдатным настроі.
— Можа, пасьпіш? — спытаў яго Раман, які яшчэ ня ўстаў з канапы.
— Я ўсю дарогу спаў. Заўжды ў «мяккіх» ежджу. Там і свабодна, і зручна.
— Скажы мне, Болек, дзе ты быў у чацьвер а дзявятай гадзіне вечара?
— У некалькіх месцах быў.
— Хочаш, я табе раскажу, дзе ты ў гэты час быў?
— Ну, ну, цікава. Можа, ты за мной сачыў?
— Можа і сачыў. Дык вось, ты быў у вялікім пакоі. Вокны былі заштораныя…
І Раман апавёў сябру ўсё, што запомніў з Соніных словаў. Болек вытарашчыў на яго вочы.
— А адкуль ты ўсё гэта ведаеш?
Раман спачатку сьмяяўся, расказваючы розныя цуды, а пасьля растлумачыў яму справу. Клядзінскі вельмі зацікавіўся гэтай гісторыяй. Сказаў, што абавязкова пойдзе да Соні і сам гэта спраўдзіць.
Вечарам сябры пайшлі да Брагіных. Раман сказаў Болеку, што пакажа яму сваю нявесту. Якраз неўзабаве меліся адбыцца заручыны. Праўда, Брагіны ня надта ахвотна згадзіліся на шлюб Лізы з Раманам, бо абяцалі яе руку Азімаву, аднак Лізка цьвёрда сказала, што за Азімава ня пойдзе. Урэшце яны вырашылі, што іх шлюб адбудзецца ўвосень.
Раман прадставіў прысутным Клядзінскага:
— Мой таварыш, краском Громаў.
Памятаючы аповед Рамана, усе глядзелі на «Громава» зь вялікай пашанаю.
Клядзінскі весела павітаўся з усімі. Сеў пры стале паміж Брагінай і Кобзавым. Зьвярнуўся да Брагіна:
— Прыгожая ў вас дачка. Сапраўды. Ну, і зяць у вас будзе добры. Сьціплы, ціхі, працавіты, выбітны тэхнік. Ягоная вынаходка папросту эпахальная. Гэта тое ж самае, што вынаход электрычнасьці, а можа і большае!
Раман зьвярнуўся да сябра:
— Пакінь ты ў спакоі гэтую вынаходку. Яшчэ нічога не вядома.
— Бачыце, які сьціплы! Залаты хлопец! Віншую вас! — пасьля Клядзінскі зьвярнуўся да Брагіна: — І вас таксама. Ведаеце, — працягваў ён, — учора здарылася са мной дзіўная гісторыя.
Брагіна жвава спытала:
— А што за гісторыя?
— Іду я ўчора ў Штаб Заходняга фронту, каб занесьці справаздачу пра стан культурна-асьветнай працы ў паасобных дывізіях, і бачу, што адна нага ў мяне стала карацейшая. Я страшна ўстурбаваўся. Такая неспадзяванка!
— Ах, жахліва! — сказала Соф'я. — І што ж здарылася?
— Адказ просты. Аказалася, што адной нагой я ішоў па ходніку, а другой — па рыштоку. А ведаеце, чаму я адразу гэтага ня сьцяміў? Бо нарэзаўся. І так элегантна, па-наску. Ну, натуральна, нагода была адпаведная: дзень народзінаў камандзіра палка. Як гэты прахвост п'е, скажу вам! Папросту музэйны экзэмпляр. Ведаеце, як сьпяваюць на камсамольскай цырымоніі: