Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 67
Сергей Песецкий
— Што Антон парабляе? — спытаў Раман.
— Тое, што і заўсёды.
— П’е?
— Натуральна.
Яны замоўклі. Праз пэўны час Раман сказаў:
— І мне хочацца выпіць. Такое брыдкае надвор’е.
— Дам табе выпіць.
Харэўскі, не запальваючы лямпы, дастаў з шафы пляшку гарэлкі, наліў поўную шклянку і паставіў на стол.
— Даць закусіць?
— Ня трэба. Пад папяросу. Можа, і ты вып’еш?
— Не.
— Чаму?
— Не люблю гарэлкі. Ня бачу ў гэтым прыемнасьці. Грубае самаачмурэньне.
— А я не разумею, што добрага ты знаходзіш у какаіне.
— Бо ты яго не ўжываў.
— Паспрабую калі-небудзь.
Зноў замоўклі. Пасьля доўгай паўзы Харэўскі сказаў:
— Хочаш схадзіць да варажбіткі?
— Да варажбіткі?!
— Так.
— Я ў гэтыя фокусы ня веру.
— То хадзем для забавы. Дождж сьціхае. Гэта блізка. А можа, пасьля і паверыш. Гэта незвычайная варажбітка.
— Добра, хадзем, — згадзіўся Раман.
Сябры апранулі доўгія вайсковыя шынялі і выйшлі на вуліцу. Аднак дождж быў яшчэ спорны, таму крочылі вельмі хутка. Каля Лагойскага тракту яны збочылі ў вузкі завулак.
Харэўскі моцна пастукаў у шыбу дамка ў глыбіні падворку. Доўгі час панавала маўчаньне, пасьля знутры пачуўся голас старой:
— Чаго трэба?
— Мы да Соні. Яна дома?
— Дома. Пачакайце, калі ласка.
Харэўскі зьвярнуўся да Рамана:
— Яна не прафэсійная варажбітка, але кажа вельмі дзіўныя рэчы. Пытайся ў яе, пра што хочаш: пра знаёмых, пра мінулае. А калі заўважыш, што яна блытаецца ў адказах, скончы. Гэта яе вычэрпвае.
Мы ўвайшлі ў маленькую кухню. На стале ля акна гарэла «капцілка». На тапчане ляжалі сяньнік, падушка і коўдра з каляровых шматкоў розных матэрыялаў. Малая, згорбленая бабулька дрыготкай рукой паказала ім на ўслон пры сьцяне:
— Садзіцеся. Соня апранаецца. Мы ўжо спалі. Такое надвор’е.
Харэўскі даў старой буйную купюру.
— Вазьміце, маці, для сябе. Соньцы дам асобна.
Старая падзякавала:
— Ратуеш нас, сынку. Галеча. Мала хто прыходзіць варажыць. Баяцца Сонькі, бо праўду кажа. Ахвотней да цыганак ідуць. Змарнелі мы. І хлеба ўжо няма, і бульба канчаецца. А Сонька ўсё хварэе.
З-за пярэгарадкі пачуўся слабы голас:
— Можна ўвайсьці.
Харэўскі адчыніў пабеленыя вапнай дзьверы ў наступны пакой. Увайшоў туды. Раман доўга чакаў. Старая распаліла агонь на прыпечку. Пасьля паставіла на трыножак гаршчок з вадой і выйшла вон.
Урэшце Харэўскі выйшаў. Раману падалося, што ён яшчэ больш бледны, чым звычайна. На вуснах яго была якаясьці дзіўная ўсьмешка.
— Ідзі туды, — ціха сказаў ён.
Раман адчыніў дзьверы і апынуўся ў маленькім цёмным пакойчыку. Толькі ў куце сьвяціла цьмяным агеньчыкам чырвоная лямпа. Там было некалькі абразоў. Раман затрымаўся ў дзьвярах, даючы вачам прызвычаіцца да цемры.
— Бліжэй, калі ласка.
Урэшце Раман убачыў невыразную постаць жанчыны, якая сядзела за малым столікам. Каля яе стаяла крэсла.
— Садзіцеся.
Раман наблізіўся да яе. Сеў і пачаў прыглядацца да дзяўчыны, якая сядзела насупраць яго. На яе плячах быў тоўсты ваўняны шаль. Яна была вельмі худая і бледная. Валасы чорныя. Бровы вузкія, высока пастаўленыя. Выразу вачэй Раман яшчэ ня мог разгледзець. Голас дзяўчыны быў глухі, нізкі, ціхі. Яна пачала кашляць. Праз пэўны час суцішылася.