Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 68
Сергей Песецкий
— Падумайце што-небудзь. Толькі калі я буду гаварыць, калі ласка, не перапыняйце мяне і ні пра што не пытайце.
Дзяўчына папрасіла Рамана прысунуцца бліжэй разам з крэслам і пакласьці рукі ёй на калені. Пасьля накрыла ягоныя рукі сваімі і замоўкла. Гэта доўжылася колькі хвілінаў. Неўзабаве яна азвалася сонным голасам:
— Вы ні пра што пэўнае ня думаеце. Калі ласка, падумайце пра штосьці, кагосьці, увогуле пра тое, што вы хочаце ведаць. Забудзьцеся, што вы тут. І калі ласка, не глядзіце мне ў твар.
Раман засяродзіў свае думкі на Лізцы. Стараўся ўявіць яе постаць і ў думках паўтараў пытаньне: што яна цяпер робіць? Раптам ён пачуў вельмі ціхі голас, быццам бы ня той, якім варажбітка гаварыла перад гэтым.
— Дзяўчына са сьветлымі валасамі… маладая… сядзіць у малым пакойчыку… На стале лямпа… Піша штосьці ў кніжцы… Перастала пісаць… Глядзіць у акно… Схіляе галаву і зноў піша.
Раману карцела спытаць: што яна піша? Аднак ён баяўся перашкодзіць варажбітцы.
— …Зноў перастала пісаць. Усьміхаецца… Устае… Выходзіць з пакою… Вяртаецца ў паліто… Прыкручвае кнот лямпы… Выходзіць… Вяртаецца… Цяпер нічога ня бачу… Зараз…
Раман пераключыў свае думкі на Клядзінскага. Упарта думаў пра яго. Дзяўчына паварушылася на крэсьле. Уздыхнула.
— …Бачу вельмі вялікі пакой. На вокнах шторы. Гараць дзьве электрычныя лямпачкі. Адна пад стольлю. Другая на стале. Ля стала стаяць двое вайскоўцаў. Адзін каржакаваты, сярэдняга росту. Другі высокі, худы… Каржакаваты праглядае якіясьці паперы, некаторыя адкладае ўбок… Час ад часу штосьці кажа… Чуваць шум матораў… Замінае… Каржакаваты складае паперы і хавае ў бакавую кішэнь шыняля. Дастае жоўты гаманец… Дае высокаму грошы… Лічыць… 10 купюр… паціскаюць адзін аднаму рукі і разам выходзяць… Гасяць сьвятло… Ідуць уніз шырокімі каменнымі сходамі. Каржакаваты спыніўся… Чытае штосьці на сьцяне. Гэта вісіць у рамцы за шклом… Зноў ідуць… Выходзяць на вуліцу… Разьвітваюцца перад уваходам у будынак і разыходзяцца ў розныя бакі… Цяпер каржакаваты вяртаецца і ідзе на адлегласьці за высокім… Той уваходзіць у браму… Каржакаваты пераходзіць на другі бок вуліцы і там чакае… Ходзіць… Ходзіць…
Дзяўчына зьняла далоні з рук Рамана:
— Мне ўжо цяжка.
Раман, вочы якога прызвычаіліся да паўзмроку, убачыў на яе лбе дробныя кроплі поту. Яму было шкада дзяўчыны.
— А можа, паваражыце мне з рукі?
— Добра.
Яна запаліла на стале сьвечку і ўзяла левую руку Рамана. Доўга глядзела на яе, урэшце павольна сказала:
— Гэтыя лініі мала мне кажуць, але я ведаю, што вам пагражае вялікая небясьпека. Неўзабаве ў вас будзе шмат непрыемнасьцяў. Сьцеражыцеся жанчын. Вы не тутэйшы. Можа, толькі праездам. Ня ведаю. Нядаўна вам таксама пагражала вялікая небясьпека, але гэта ўжо мінула.
Раман спытаў:
— Вы можаце сказаць, што я цяпер думаю?
Дзяўчына пачала пільна ўглядацца яму ў вочы. Неўзабаве ўсьміхнулася і сказала:
— Вы думаеце, колькі мне даць за варажбу.
Раман расьсьмяяўся. Устаў і сказаў:
— Гэта неверагодна!