Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 66

Сергей Песецкий

— Я ўжо не працую ў акумулятарнай.

— Чаму?!

— Ня ведаю. Мяне адтуль перавялі.

Камісар зьвярнуўся да Ягельскага:

— Чаму яго забралі з акумулятарнай?

— Ня ведаю. Гэта загад мэханіка Банеліна.

Старкоў зьвярнуўся да мяне:

— Смолін, паклічце сюды мэханіка Банеліна.

Я пабег наверх. У дзяжурцы мэханіка не было. Я пайшоў у агульную залю. Убачыў яго каля апаратаў Бадо. Я падкрэсьлена нядбала прайшоў празь вялікую залю і голасна паклікаў:

— Мэханік Банелін! Да камісара! Куляй! Апараты Бадо пачакаюць!

Хтосьці пырснуў сьмехам. Я напаткаў некалькі вясёлых позіркаў і ўбачыў некалькі ўсьмешак. Мэханік, непрыемна зьдзіўлены маім тонам, адказаў:

— Не гарыць! Пасьпею!

— Добра. Так і скажу, што вам не гарыць. Маё шанаваньне.

Я велічна выйшаў з залі. Мэханік дагнаў мяне на сходах.

— А ўсё-ткі гарыць, — сказаў я.

Ён усьміхнуўся і сказаў лагодна:

— Пра што пойдзе размова?

— Пра тэлефоны, мікрафоны і іншыя патэфоны.

Камісар зьвярнуўся да Банеліна, вочы якога трывожна бегалі:

— Чаму Смоліна перавялі з акумулятарнай?

— Ён быў мне патрэбны для рамонту камутатара. Пільная работа.

— А пасьля рамонту?

— Пасьля рамонту быў патрэбны на тэлефоннай станцыі. Усе працуюць на тры зьмены, а ў акумулятарнай чатыры.

— І будуць чатыры зьмены. Праца там нездаровая і вельмі адказная.

Банелін разьвёў рукамі:

— Але ён мне вельмі патрэбны! Не хапае тэхнічнага пэрсаналу.

— А я кажу, каб ён надалей працаваў у акумулятарнай, — камісар зьвярнуўся да мяне: — Смолін, ад сёньня будзеце працаваць у акумулятарнай.

— Слухаюся.

— А цяпер прашу памірыцца з Кусьціным і больш такіх штук не адпальваць! Сорам! Ну, падайце адзін аднаму рукі.

Я з агідаю дакрануўся да рукі Кусьціка, і мы выйшлі з кабінэту камісара.

У акумулятарнай усе вельмі ўсьцешыліся з майго вяртаньня. Найперш таму, што так было лягчэй працаваць. Апроч таго, я карыстаўся агульнай сымпатыяй і даверам, асабліва пасьля здарэньня з Кусьціным, якога ніхто не любіў.

Ужо трэці раз празь Лізку трапляю ў прыгоду. Сьпярша з Азімавым, пасьля з салдатамі, а цяпер з Кусьціным. Але ня маю на яе крыўды за гэта. Я нават ганаруся гэтым.

V

ЧАРЫ І ЖЫЦЬЦЁ

Скажы мне, вяшчун, улюбёнец багоў,

Што збыцца павінна са мною?

Ці хутка на радасьць маіх варагоў

Магільнай засыплюць зямлёю?

А. Пушкін,

«Песьня пра вешчага Алега»

1

Неба выглядала як брудная, запыленая палітра. Вецер мяшаў на ім шэрыя гурбы хмар. Яны ня рухаліся ў пэўным кірунку, а быццам кружлялі на месцы. Раньні змрок пачаў атуляць зямлю.

У кватэры рабілася ўсё цямней, але сьвятла не запальвалі. Харэўскі сядзеў, адкінуўшы галаву да сьцяны і барабаніў пальцамі правай рукі па стале. Так міналі хвіліны. Дождж хвастаў у шыбы і біў па страсе. Вецер то ціха скавытаў пад акном, то злосна сьцябаў у сьцяну дому.

Раман таксама маўчаў. Час ад часу ён пазіраў на калегу, які сёньня быў надзвычай негаваркі. Зрэшты, Харэўскі амаль заўсёды маўчаў. Гаварыў ён альбо зь неабходнасьці, альбо калі быў пад уплывам какаіну. Харэўскі прыйшоў на выведку і зноў, замест Кралевіча, заняўся справамі Рамана.