Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 65
Сергей Песецкий
— Я цябе ўчора бачыў на «трэку» з гэтай Лізкай. Нішто сабе… га? — засьмяяўся ён.
Мне аж млосна стала, але я нічога яму не сказаў. А Кусьцін працягваў:
— Але ня раю табе зь ёй цягацца, заразішся яшчэ. Гэта такая б…!
Тады я спытаў, ледзьве стрымліваючыся:
— Ты ёй за гэта плаціў?
— Не.
— Ты яе меў?
Кусьцін паглядзеў мне ў вочы і сказаў, павышаючы голас:
— А чаго ты надзімаешся? Вялікі пан! Я не плаціў, дык іншыя плацілі. Я табе дзясятак пакажу.
Тады я ўдарыў яго ў твар. Ён кінуўся на мяне. Пачалася бойка. Разьлілі бляшанку фарбы для апарату Морзэ. Я схапіў яго за горла, пачаў душыць і біць галавой аб падлогу. Кусьцін пачаў лямантаваць. Зь дзяжуркі прыбеглі іншыя тэхнікі, але не абаранялі Кусьціна. Толькі мэханік Ягельскі, якога я вельмі паважаў, пачаў тупаць нагамі і крычаць:
— Смолін, перастань! Зараз жа ў дзяжурку!
Я кінуў Кусьціна і пайшоў у дзяжурку. Усчалося дазнаньне. Кусьцін плакаў і гаварыў, што ня ведае, чаму я на яго напаў. Што ён не пачынаў бойкі, ані біўся, ані бараніўся. Калі я выйшаў з гардэробу, адзін з наглядчыкаў паціснуў мне руку і сказаў:
— Усё будзе ў парадку. Толькі добра апраўдвайся. Некалькі марзістак скажуць, што бачылі, як Кусьцін першы цябе ўдарыў. Але яны ня ведаюць, дзеля чаго вы пасварыліся. Ягельскі цябе падтрымае, я ўпэўнены.
Наступнай раніцай мяне выклікалі да Старкова. Камісар сядзеў у фатэлі, насуплены, і праглядаў якіясьці паперы. Збоку стаяў мэханік Ягельскі. Кусьцін туліўся да дзьвярнога вушака. Вочы яго былі пачырванелыя. Відаць, ён плакаў. На яго шыі я ўбачыў сінія плямы.
Камісар падняў галаву і сказаў халодна:
— Смолін, раскажыце, што вы там учора навыраблялі і чаму.
— Таварыш камісар! Мяркую, кожны на маім месцы зрабіў бы тое самае. Нядаўна я праводзіў дадому адну знаёмую дзяўчыну, нявесту сакратара Губвыканкому, Азімава…
Камісар буркнуў:
— Ага, ведаю. Ну?
— Кусьцін гэта бачыў і пачаў учора вельмі брудна выказвацца. Тады я сказаў яму, што калі б нават гэта была праўда, то ўсё адно нельга так пра яе казаць, бо гэта сьвінства. Тады Кусьцін ударыў мяне ў твар. Я служыў у Чырвонай Арміі, я маю годнасьць і не дазволю, каб мяне білі. Ну, натуральна, адплаціў яму той жа манетай. Гэта ўсё.
Кусьцін азваўся плаксіва:
— Хлусіць. Зусім ня так было.
Камісар сказаў:
— Кусьцін сваё атрымаў. Скончылі з гэтым. Зрэшты, марзісткі пацьвердзілі, што менавіта вы першы ўдарылі Смоліна. І ўвогуле, вы пачынаеце мне не падабацца. Зашмат сабе дазваляеце. Апошні раз папярэджваю, а пры наступнай правіннасьці я вышлю вас у павет. Што да вас, Смолін, то дагэтуль я быў пра вас найлепшай думкі, і што да працы, і ўвогуле. А цяпер вы самі сабе ўсё сапсавалі.
— Я ня мог…
— Прашу не перапыняць. Я цяпер гавару! У маёй установе не пацярплю ніякіх эксцэсаў! Сорам! Наглядчыкі, калегі, а б’юцца, як бараны ці хуліганы!
Камісар зьвярнуўся да мяне:
— Вас я папрашу не хадзіць бязь пільнай патрэбы на тэлефонную станцыю! Працуеце ў акумулятарнай, вось і займайцеся сваёй працай.