Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 63

Сергей Песецкий

Тэлефонная станцыя больш за ўсё мне надакучыла, хоць я працаваў там нядоўга. Я быў наймалодшы, таму мяне адразу пачалі ганяць, то на пашкоджаньні, то на мантаж. Ня раз, калі работа была пільная, даводзілася працаваць на пару гадзін больш. За гэта належала плаціць звышурочныя. Але дзе там!

На мантажныя работы я хадзіў пераважна з мантэрам Рудлоўскім. Я для нагляду, ён як работнік. Аднак я аб гэтай працы ня меў ніякага паняцьця, а ён ведаў кожную «пару» дротаў, кожны кранштэйн, кожную «вышку». Ён быў ужо ў гадах. Нават улетку яго мучыў рэўматызм, балела сэрца. Таму я яго не ганяў. Сам лазіў па слупох, хадзіў па дахах. Ён увесь час злаваў, што я не карыстаюся рэменем:

— Ой, дасі ты калі-небудзь нырца!

Але я сьмяяўся. Аднойчы я паказаў яму, што нават калі перакулюся на слупалазах, то падымуся без чужой дапамогі. І падняўся. Тады ён пачаў называць мяне «Вавёрка», а за ім і іншыя. «Вынаходнік» адышло ў нябыт.

Я часта падключаўся да вайсковых ліній і падслухоўваў размовы. Некаторыя былі цікавыя.

Аднойчы я пайшоў у акумулятарную. Карнеўская была засмучаная:

— Навошта вы нас кінулі? Зноў у нас тры зьмены.

— Я яшчэ вярнуся, — сказаў я ёй. — Пайду да камісара і паскарджуся, што мяне адсюль забралі. Але хачу яшчэ пазнаёміцца з працай тэлефоннай станцыі.

Празь дзень мяне паслалі на пашкоджаньне тэлеграфнай лініі. Я адгаворваўся, што ня ведаю гэтай працы. Але мэханік сказаў, што ўсе занятыя і што мая чарга ехаць на пашкоджаньне. Далі мне маладога мантэра, які — як і я — ніколі ня езьдзіў на пашкоджаньні. Мы сабралі інструмэнты, узялі тэлефон, слупалазы, «бухту» мілімэтровага дроту і выправіліся ў дарогу. Фурманка была рэквізаваная. У дарогу я атрымаў вінтоўку і 30 патронаў. Гэта мне ўжо спадабалася.

Пашкоджаньне было на лініі Радашкавічы-Менск. Адразу за горадам я спыніў селяніна. Загадаў мантэру лезьці на кантрольны слуп. Я б сам ахвотна гэта зрабіў, але я наглядчык — фігура! Ён палез. Ён быў трохі старэйшы за мяне, дзябёлы. Да гэтай працы ён не надаваўся. Тут трэба сухіх, дужых, спрытных. А ён лез, як сабака на дрэва. Я пазваніў на станцыю. Атрымаў адказ. Пераканаўся, што гарадзкая лінія ў парадку. Паехалі далей. Я ўважліва сачыў лінію, бо дрот праз пэўныя адцінкі пераходзіў на іншыя травэрсы — каб зьменшыць індукцыю зямлі. Два разы спыняўся і спраўджваў лінію. За намі ўсё было ў парадку.

У сярэдзіне дарогі пачало вечарэць. Цяжка было сачыць лінію, таму я загадаў селяніну ехаць у вёску. Там пайшоў да «прадсядацеля», паказаў яму дакумэнты і сказаў, каб нам і фурману далі начлег. Фурмана ўладкавалі паблізу ад хаты «прадсядацеля», а мы, з тэлефонам, вінтоўкай і інструмэнтамі (каб ня скралі), у таварыстве вясковага начальніка пайшлі далей. Відаць, ён хацеў уладкаваць нас у лепшай хаце.

Увайшлі ў новы, досыць прыгожы і вялікі дом. Калі мы зь сенцаў увайшлі ў кухню, там мылі падлогу. Дзьве дзяўчыны анучамі зьбіралі ваду. Прадсядацель сказаў гаспадару, каб той прытуліў нас на ноч. Гаспадар адкрыў дзьверы ў наступны пакойчык. Пакой быў досыць ахайны: ложак, канапа, кветкі на падаконьні і палічка. Гаспадар сказаў, што мы будзем спаць там. Пакінуў на стале лямпачку і выйшаў. Трохі пазьней нас паклікалі на вячэру.