Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 60

Сергей Песецкий

Па пэўных развагах я зразумеў, што не магу спрабаваць перавесьціся зь Менску на іншую пасаду. На працы ж мяне ведаюць як Паўла Смоліна, а для сям’і Брагіных я — Раман Забава. Тая самая праблема і са шлюбам. У Лізіных бацькоў гэта яўна абудзіла б розныя падазрэньні, дый Ліза была б зьдзіўленая. Таму я зраблю так: калі бацькі Лізы пагодзяцца на наш шлюб, паеду ў Маскву і паспрабую знайсьці там кватэру. Папярэдне здабуду вялікую суму грошай, а з грашыма ўсё можна зрабіць. Тады вярнуся ў Менск, забяру Лізку і разам паедзем у Маскву. Там я змагу ўладкавацца як Раман Забава. Ніхто не даведаецца пра маё мінулае. Зраблю фальшывыя дакумэнты на маё сапраўднае імя, знайду якую-небудзь працу і буду жыць, прыстасоўваючыся да акалічнасьцяў. Апроч таго, парву ўсе стасункі са знаёмымі і зь сям’ёй Брагіных. Гэта найлепшы плян, і мне абавязкова трэба яго зьдзейсьніць. Мяркую, мне хопіць на гэта два месяцы.

Ад таго вечара на возеры зь Нінай Андрэеўнай у мяне нічога няма. Мне цалкам стае Лізкі. Апроч таго, я лічу, што здраджваць ёй было б несумленна. Таму, хоць я і заўважыў, што гэта непрыемна Ніне Андрэеўне, якую я напраўду шаную як добрага чалавека, я ўнікаю яе. Я сказаў ёй, што хворы і што гэта было б мне на шкоду. Яна паверыла, бо я сапраўды кепска выглядаю. Мяне зьядаюць бяссонныя ночы і думкі, думкі, думкі. Куды падзецца ад іх? Гэта як агонь, як атрута!

На працы мяне ацэньваюць як добрага работніка. Называюць «вынаходнікам». Спачатку мэханікі трохі кпілі з маёй працы і экспэрымэнтаў. Але я так паважна сябе паводзіў, а калі чуў крытыку, так паблажліва ўсьміхаўся, што яны пераканаліся, што гэта рэальная рэч, і пакінулі мяне ў спакоі. Старкоў даўно мяне не выклікаў. У яго нейкія клопаты. Ён нават езьдзіў у Маскву. Штосьці зь ім не ў парадку. Ці не занадта старанна працаваў? Бо тут так: не пастараўся — блага! Перастараўся — яшчэ горш!

З калегамі з акумулятарнай жывём вельмі добра. Яны мяне любяць, бо я да іх ветлівы і прыязны. Карнеўская пачала са мной какетаваць. Прыходзіла на дзяжурствы прыгожа ўбраная. Заставалася, каб дапамагчы мне, хоць я яе не прасіў. Прыдумвала нейкія пільныя справы, якія трэба было рабіць удваіх, сядала так, каб мне было відаць яе ногі вышэй за калені, бо ногі ў яе прыгожыя. Але я быў сьляпы, толькі ўсё больш ветлівы. Трэба будзе прызнацца ёй, што я закаханы ў іншую дзяўчыну. Можа, зразумее. Бо мне непрыемна, што яна марна думае аб тым, чаго ня можа адбыцца. Я ведаю, што ёй хочацца не кароткага раману са мной, а мужа.