Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 58

Сергей Песецкий

Раман і Клядзінскі пайшлі ў лес. Калі выйшлі на сьцежку, якая вяла ў горад, Клядзінскі сказаў:

— У мяне згрызоты сумленьня.

— Яны таго вартыя, — адказаў Раман.

— Я не пра тое. Дарма я вучыў ветлівасьці бальшавіцкіх гадаў. На добры лад, трэба заахвочваць іх да адваротнага, хваліць. Няхай абрыднуць грамадзянам да канца. Думаеш, твая дзяўчына пасьля таго, што пачула, будзе з захапленьнем глядзець на мундзір абаронцы пралетарыяту? Гэтую работу запісваю сабе ў мінус.

Раман часта ўспамінаў пазьней тое поўнае зорак возера і падзеі той ночы на яго беразе.

ДЗЁНЬНІК РАМАНА ЗАБАВЫ

Менск, 9 чэрвеня 1923 г.

Так даўно не пісаў. Увогуле, мне цяжка пра штосьці іншае думаць — толькі Ліза. Яна стаіць мне ўваччу. Я стаў расьсеяны. Не пасьпяваю рабіць і гэтую цяперашняю працу, і тую, сапраўдную. Відаць, пра мяне кепска думаюць. Нават Тосік, такі абыякавы да ўсяго, што не тычыцца піцьця, сказаў: «Кінь, Ромка, бо нічога добрага з гэтага ня выйдзе!» Што ён меў на ўвазе? Я ж ані слоўцам яму не абмовіўся.

Раней я глядзеў на жанчын як на ўпрыгожаньне жыцьця. Тая ці іншая — усё адно. А каханьне — дурное пустаслоўе абібокаў. Пытаньне сьлізістых балонак, і нічога больш. Цяпер жа я бачу, што ад яго сапраўды можна ашалець. Можна знайсьці ў адной жанчыне цэлы сьвет, патануць у ёй цалкам. Ведаю, што людзі робяць сабе сьмерць з каханьня. Думаю, я б такога не зрабіў. У мяне досыць гарту і моцы, каб сьцярпець нават найбольшы боль. Але я б вельмі пакутаваў… Калі я ня зь Лізкай, я ўвесь час пра яе думаю, размаўляю зь ёй у думках. Калі я зь ёй, я страчваю мову, губляю думкі і напраўду зусім дурнею.

Колькі дзён таму мы правялі цэлы дзень на шпацыры далёка за горадам. Вярталіся вельмі позна. У пэўны момант — ня ведаю, як гэта здарылася, бо раней не было ў мяне такога намеру — я спытаў:

— Ліза, хочаш быць маёй жонкай?

Яна адказала ціха:

— Навошта ты пытаеш? Ты добра ведаеш, што так.

І гэта зусім выбіла мяне з раўнавагі. Я хацеў бы, каб яна заўжды была побач са мной. Мне было прыкра красьці яе каханьне. Я ведаў, што ў яе ўвесь час непрыемнасьці дома, што ёй цяжка ўцякаць на спатканьні са мной і хлусіць. Пару разоў яна прыходзіла такая заклапочаная, засмучаная. Яна рабіла выгляд, што ёй весела, сьмяялася, але ў вачах быў смутак. Як невымоўна прыкра мне было, што ў яе празь мяне непрыемнасьці.

Я пачаў абдумваць, што мне рабіць далей, і склаў такі плян. Перадусім, заручуся зь Лізкай, каб мы маглі сустракацца легальна. Пасьля пастараюся, каб мяне перавялі зь Менску як мага далей. Каб толькі ня жыць тут, дзе я спазнаў столькі прыгодаў, дзе вакол мяне ўвесь час круцяцца нейкія варожыя цені. Там пра ўсё гэта забудуся. Пачну новае жыцьцё. Лізка ніколі не даведаецца, што я быў шпегам, што заўжды граў нейкія ролі, што ўвесь час хлусіў. Я ствару для нас новае, цудоўнае жыцьцё. Я здолею. Дам ёй усё, што трэба, каб яна была шчасьлівая. А найперш усё сваё каханьне. У мяне будзе толькі адна таямніца. Маё мінулае. Добра было б паехаць як мага далей з гэтых мясьцінаў, каб уцячы ад усіх зданяў. Я хацеў бы пасяліцца ў якім-небудзь бязьлюдным месцы. Бо навошта мне людзі? Што яны даюць: ману, крывадушша… Ліза заменіць мне ўсё. Яе каханьне запоўніць маё сэрца цалкам. А маё запоўніць яе жыцьцё.