Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 59

Сергей Песецкий

Заўчора я сьніў жахлівы сон. Нават прыкра пра гэта пісаць. Было нейкае рэвалюцыйнае сьвята. Я ішоў зь Лізай залямі вялізнай фабрыкі. На Лізе была чырвоная сукенка. Яна была вельмі прыгожая і вясёлая. Я паказваў ёй машыны і штосьці тлумачыў. Раптам Лізка сказала:

— Пакажу табе, Ромка, штуку! Во!

Сьмеючыся, села на прывадны рэмень, які рухаўся. Я хацеў яе адцягнуць, але было запозна. Мільганула ў паветры чырвоная сукенка, шасьцерні машыны ўхапілі Лізку, і за хвіліну яна звалілася на бэтонную падлогу. У роспачы я пабег да яе. Рукі дзяўчыны былі зламаныя. На яе галаве я ўбачыў страшную рану, зь якой бруілася кроў. Я спрабаваў дапамагчы ёй, але ўсё было дарма. Яна была мёртвая. Я пачаў адчайна рыдаць і абудзіўся з залітым сьлязьмі тварам. Я пачуваўся жахліва. Ранкам як мага хутчэй пайшоў да Брагіных. Яны былі зьдзіўленыя маім прыходам у гэтак раньні час. Лізы дома не было.

— Ці яна здаровая? — спытаў я Мар’ю Іванаўну.

— Ясна, здаровая. Што гэта вам у галаву прыходзіць!

Я выйшаў на вуліцу і доўга чакаў яе. Не прыйшла.

Супакоіўся я толькі вечарам, калі яе ўбачыў. Ня ведаю, чаму, я спытаў:

— Раскажы мне, што ты сьніла мінулай ноччу.

Лізка зьбялела:

— У мяне быў дрэнны сон, Ромачка. Лепей не апавядаць.

— Раскажы абавязкова, бо я і так ведаю. Толькі спраўдзіць хачу.

Тады Лізка пачала апавядаць:

— Я сьніла, што ў нашую кватэру прынесьлі труну. Яна была абабітая бліскучай бляхай, можа, срэбнай? — ня ведаю. Труна была поўная кветак. Былі ўсе нашы і Азімаў. Азімаў сказаў, што труна добрая, і вельмі цешыўся. Але мне было так страшна. Тады я спытала матулю: «Для каго гэтая труна? Усе ж жывыя!» Мама нічога не адказала, толькі прыклала палец да вуснаў. А Азімаў гучна расьсьмяяўся і сказаў: «Для каго?.. Для твайго Рамана». Тады я выбегла з кватэры. Ня ведаю, што я хацела зрабіць: ці шукаць цябе, каб папярэдзіць, ці клікаць на дапамогу. А ўсе за мной пагналіся. Азімаў увесь час крычаў: «Трымайце яе, гэта зладзейка! Трымайце яе!» Але ніхто мяне не затрымліваў, і я так бегла, бегла… А пасьля ня памятаю. Было штосьці іншае. А ты што сьніў? Штосьці вельмі дрэннае пра мяне?

— Сьніў, што ты ледзь ня трапіла пад машыну, — схлусіў я, бо не хацеў трывожыць дзяўчыну, якая была вельмі прымхлівая.

— Ромка, я баюся, — сказала Ліза. — Той сон з труной быў такі страшны.

— Нічога ня бойся. Ты ж ведаеш, сны заўсёды азначаюць адваротнае. Кветкі — гэта непрыемнасьць. А труна — доўгае жыцьцё.

Я суцяшаў яе, як мог, пакуль яна зусім не супакоілася. Яна зноў стала вясёлая, і я з захапленьнем глядзеў ёй у вочы.

* * *

Я дагэтуль не апісаў падрабязна, як Ліза выглядае. Зраблю гэта цяпер. Яна на пяць ці восем сантымэтраў ніжэйшая за мяне, гэта значыць, вышэйшая за сярэдні рост. Зграбная. Ногі ў яе, як для жанчыны, вельмі доўгія, хаця трохі паўнаватыя. Рухі свабодныя, імклівыя. Яна вельмі спрытная. Плечы поўныя, круглыя, далоні ружовыя. Цяпер твар і галава. Валасы сьветлыя, з залатым адценьнем. Твар авальны. Лоб здаецца ня надта высокім, бо валасы на ім растуць досыць нізка. Шчыльныя, цёмныя бровы наўскасяк ідуць угару і пасьля падаюць да скроняў. Нос просты, нядоўгі; крылы носа шырокія. Вочы дзіўныя: сьветлыя, са зьменлівымі райкамі, залежна ад часу дня, стану, настрою, вельмі глыбокія і бліскучыя. Ад носа да вуснаў ідзе выразна акрэсьленая, досыць шырокая ямінка. Рот невялікі, з прыгожымі абрысамі, вусны шырокія, яскравыя, выпуклыя, нібы трохі патрэсканыя. Зубы дробныя, ня надта роўныя, але з прыгожым бліскам. А характар? Не магу яго апісаць. Самі рабіце высновы з таго, што я пра яе апавядаю.