Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 57

Сергей Песецкий

У гэты ж момант Клядзінскі моцна ўдарыў яго ў вусны мыском бота. Чырвонаармеец паваліўся на зямлю, пры гэтым ногі ягоныя апынуліся ў вогнішчы. Ніжняя частка твару стала чорнай. Клядзінскі схіліўся да яго і сказаў яшчэ ветлівей:

— Выплюньце гэтае брыдкае слоўца, дарагі таварыш. Выплюньце разам з зубамі.

Раптам у ягоных вачах запалілася злосьць, і ён зароў нізкім, перарывістым голасам:

— А можа, вы ўстанеце, калі я з вамі размаўляю!.. Я вас навучу лаяцца!.. Вось так лаюцца!

І палілася плынь надзвычай бруднага брыдкаслоўя, што каго заўгодна ахапіла б агіда. Раптам Клядзінскі замоўк. Пасьля ён сказаў апатычна, павольна:

— А вось так б’юць!

І, здавалася, лёгкімі ўдарамі параскідаў трох чырвонаармейцаў, што былі на нагах, вакол вогнішча.

— А цяпер скажыце мне, каторы з вас вылаяўся, калі побач праходзілі хлопец зь дзяўчынай?

— Калі, таварыш? — праенчыў адзін з салдатаў.

— Калі вы ішлі каля наспы, хто з вас сказаў …? Гаварыце, — працягнуў ён панура, — бо кепска будзе! Ну!

Адзін з чырвонаармейцаў паказаў пальцам на іншага.

— Ён!

Аднак той запярэчыў:

— Ня я, таварыш. Ілжэ, гад печаны!

Але трэці далучыўся да першага.

— Ён, ён. Няма чаго адпірацца.

Раман падскочыў да таго салдата, голас якога ён і сам пазнаў. Ударыў яго браўнінгам і паваліў у ваду.

— Гэтага мала, — сказаў Клядзінскі. — Каб больш пра жанчыну так не казаў, няхай цябе жанчына павучыць, чым гэта пахне!

Ён схапіў за плячо зьмярцьвелую ад страху дзеўку, якая ўвесь час нерухома сядзела трохі збоку, і паставіў яе на ногі. Пасьля ўзяў за каўнер салдата, які стаяў на каленях у вадзе, выцягнуў яго з возера і кінуў на зямлю. Зьвярнуўся да дзеўкі:

— Сікай яму на морду!

Дзеўка вагалася.

— Сікай, іначай як трэсну!

Дзеўка ўсхліпнула, заплакала і, ляскаючы зубамі, пачала выконваць загад.

Месяц зьдзіўлена глядзеў на незвычайныя штукі, якія ашалелыя людзі выраблялі гэтай ноччу і вечарам на беразе возера: то цалаваліся, то лаяліся, то біліся, а цяпер увогуле сьвінства! Зрэшты, што тут дзівіцца: людзі! І плыў далей, бліскучы й вольны, у неабсяжным небе.

Раман зьвярнуўся да дзеўкі, паказваючы на чырвонаармейца:

— Дастань у яго з кішэні чырвонаармейскую кніжку.

Жанчына похапкам абшукала кішэні салдата і падала Раману маленькую кніжку.

Тым часам Клядзінскі найлагоднейшым голасам зьвярнуўся да салдатаў:

— Дык вось, дарагія таварышы, прашу вас наступным разам ня лаяцца так брыдка, асабліва ў прысутнасьці жанчын, бо гэта вельмі непрыгожа. Памятайце, што баец Чырвонай Арміі павінен сваімі паводзінамі даваць прыклад іншым. Ён павінен, у выпадку патрэбы, дапамагчы жанчыне ці абараніць яе і ні ў якім разе яе не зьневажаць. Тое самае тычыцца цывільных. Калі на кімсьці няма вайсковай формы, гэта яшчэ ня значыць, што ён горшы за вас. Бо ён альбо быў, альбо будзе салдатам, альбо працуе на ўтрыманьне войска. Зразумейце гэта і пастарайцеся выканаць маю ласкавую просьбу, іначай калі-небудзь зноў пераканаецеся, што гэта брыдка. Да пабачэньня, зычу прыемнага адпачынку.

Адзін чырвонаармеец сказаў «дзякуй», другі — «да пабачэньня», двое маўчалі.