Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 56
Сергей Песецкий
— Трымай. Нэктар пана д’ябла.
Раман выпіў. Закусілі шакаладам і запалілі.
— А што ты такі засмучаны?
— Нічога, — Раман махнуў рукой.
— Не, штосьці здарылася. Гавары шчыра.
Тады Раман расказаў сябру, што калі вяртаўся са шпацыру з адной дзяўчынай, іх зачапілі чырвонаармейцы. Аблаялі іх і зьбянтэжылі.
— Та-ак? А чаму ты іх не навучыў бон-тону? Рук не было ці што?
— Ну як жа? Такое відовішча пры дзяўчыне.
— Пляваць на дзяўчыну!
— Не. Так нельга. Бо гэта ня першая-лепшая. Яна важная для мяне. Можа, нават ажанюся зь ёй.
— Што-о-о?
— Так, так. Я сур’ёзна кажу.
Клядзінскі выбухнуў сьмехам. Наблізіўся да Рамана і памацаў яму галаву:
— Гарачка!
Спраўдзіў пульс:
— 172!
Уставіў яму палец пад паху — як тэрмомэтар. Паглядзеў на палец і сьвіснуў:
— 45 і 5! Труп!
Раман усьміхнуўся.
— Я табе пазьней больш раскажу. Ты гэта зразумееш.
Клядзінскі замахаў рукамі.
— Я цьвярозы нічога не разумею. Хіба што набрацца.
Ён выпіў гарэлкі і наліў Раману.
— Трымай. Можа, тэмпэратура спадзе.
Раман таксама выпіў. Клядзінскі раптам схіліўся да сябра.
— Ня хочаш на шпацыр пайсьці?
— Хачу.
— А хочаш тым гадам дыхту даць?
— Яшчэ як!
— Дык хадзем. Можа, не пасьпелі яшчэ вярнуцца. Даўно гэта было?
— Гадзіны не мінула.
— Яны зь дзеўкай ішлі?
— Зь дзеўкай.
— Ну, так хутка не пасьпеюць яе абярнуць. Хадзем. Рэвальвэр ёсьць?
— Ёсьць.
Сябры выйшлі з кватэры. Раман зачыніў залю, і яны хутка рушылі на Слабодку. Раман расказаў, што сустракаўся з Харэўскім. Дадаў, што Харэўскі падаўся яму ненармальным.
— А хто з нас нармальны? — сказаў Болек. — Нармальныя тыя, хто грошы ў шкарпэтку хавае і ў ночнік сікае, бо баіцца на двор выйсьці, каб жаба не ўкусіла. А Харэўскі — гэта машына. Не чалавек, а жалеза. Ці ты ведаеш, што ён мяжу ніколі іначай не пераходзіць, як дарогай. І гэтак сама вяртаецца. Той яшчэ тып! Я яго трохі ведаю. А ты пазнаёмся зь ім бліжэй.
Яны ішлі той самай дарогай, якой нядаўна Раман вяртаўся зь Лізкай. Мінулі тое месца, дзе іх зачапілі чырвонаармейцы. Наўкола было пуста. Калі падыходзілі да лесу, на чыгуначнай насьпе прайшоў цягнік.
Спыніліся на ўскрайку лесу.
— Яны не маглі так хутка вярнуцца, — сказаў Раман. — Пачакаем тут.
Селі на траве пры хвойках і запалілі. Ціха размаўлялі. Неўзабаве здалёк даляцела песенька, якую крычалі колькі людзей разам:
Раман падхапіўся на ногі:
— Яны! Хадзем.
Раман з Клядзінскім занурыліся ў лес, ідучы ў тым кірунку, адкуль даляталі галасы. Неўзабаве ўбачылі водбліскі зарніцы.
— Вогнішча паляць.
Праз колькі хвілін сябры стаялі на беразе таго азярца, дзе нядаўна Раман быў зь Лізкай. Гэтак сама, як і тады, у ім купаліся зоркі і патанаў месяц. А на супрацьлеглым беразе гарэла вогнішча, пры якім сядзелі чацьвёра чырвонаармейцаў і жанчына ў белай хустцы на галаве.
Сябры ціха абышлі возера і незаўважаныя падышлі да вогнішча.
— Прыемнага адпачынку! — надзвычай ветліва сказаў Клядзінскі.
— Што там за…? — пачаў лаяцца адзін з чырвонаармейцаў, які сядзеў да іх сьпінай.