Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 55
Сергей Песецкий
Ён і яна ціха сядзяць над вадой. Ім здаецца, што разам зь лесам і возерам яны гайдаюцца па-над безданню, поўнай зорак. І ўжо цяжка зразумець, дзе сапраўднае неба, а дзе яго адбітак, і што прыгажэйшае.
Ліза дастала грэбень з валасоў. Валасы рассыпаліся. Яна пачала часаць іх і ўкладваць вакол галавы.
— Ня трэба, — сказаў Раман.
Яна апусьціла рукі, і валасы зноў упалі на плечы.
— Я расчашу табе валасы, — ціха сказала яна.
Паволі зачасала яму валасы назад. Ціха расьсьмяялася:
— Ты дзіўна выглядаеш… Як дзяўчына…
Плёснулася вада. Абое здрыгануліся. Ліза села.
— Змыю пыл з ног.
Яна апусьціла ногі ў возера. Дакранулася нагамі да зорак. Свавольна гулялася імі.
— Чакай, — Раман сеў над вадой. — Я табе памыю ногі. Зоркамі.
— Ромка!
— Ты мне расчасала валасы, я табе памыю ногі.
Яна закрыла вочы рукой. Але калі Раман пачаў цалаваць ёй калені, схілілася да яго, узяла яго галаву ў рукі і прыціснула да грудзей.
— Чаму ты заплюшчваеш вочы?
— Ня ведаю.
— Табе холадна? Ты дрыжыш. І
— Не… Ня ведаю…
Такая ціша, што чуваць біцьцё сэрца. П’янкая гарачыня дыханьня. А месяц імкнецца ўгару, зьнікае ў аблоках і зьяўляецца зноў, купаецца ў зорных глыбінях возера.
Раман і Ліза прыйшлі сюды ў пурпуры зары, а вярталіся ахінутыя срэбным сьвятлом месяца. Сьпёка зьнікла. Халоднае паветра песьціла распаленыя твары. Ішлі моўчкі. Словы такія бляклыя і бясьсільныя, калі сэрца поўніцца шчасьцем.
Здалёк пачуўся сьмех, груба разрываючы цішыню. Пасьля паказаліся колькі невыразных постацяў. Зноў выбухнуў сьмех, пасьля віск жанчыны.
— Пусьці, сволач! Ай-ёй!
— О-хо-хо-хо! — ляцела ў паветры.
Хтосьці засьпяваў хрыплым, грубым голасам:
Насустрач ішлі чацьвёра чырвонаармейцаў і жанчына. Мінаючы Рамана і Лізу, яны спыніліся. Адзін з салдатаў прахрыпеў:
— У гэтых ужо дайшло да ўсяго… — і прагучала грубая расейская лаянка.
Раман сунуў руку ў кішэнь. Яму карцела падысьці да іх і перастраляць усіх. Замінала прысутнасьць Лізкі. Раман баяўся, што гэта зробіць на яе страшнае ўражаньне.
Рэшта вечара была атручаная гэтым выпадкам. У Рамана сьлёзы наварочваліся на вочы, калі ён успамінаў тое брыдкаслоўе.
— Гады! Гады! І за што ж гэта? Усё нягоднікі апаганяць!
Раман і Ліза разьвіталіся бяз словаў пры ўваходзе двор дому Брагіных. Яны не глядзелі ў вочы адно аднаму.
З
Раман вярнуўся дадому рана. У залі было цёмна, толькі праз вокны падала сьвятло. Раман сеў на падаконьні і задуменна глядзеў у сад. Раптам ён пачуў голас:
— Што сядзіш, як кітайская багародзіца? — Раман падхапіўся на ногі.
На сафе, у глыбіні пакою, ляжаў накрыты шынялём Клядзінскі.
— Ты прыйшоў?!
— Даўно ўжо. Пасьпеў выспацца. Я думаў, у цябе дзяжурства.
Клядзінскі ўстаў і запаліў сьвятло.
— Хадзі, вып’ем. Ты, пэўна, даўно не куляў чаркі. А мне трэба паправіцца, пасьля ўчорашняга трошкі не па сабе.
Клядзінскі дастаў з-за сафы разбаўлены сьпірт і наліў чвэрць шклянкі.
— Нашае камуністычнае!
Клядзінскі піў гарэлку як ваду — кароткімі глыткамі. Скончыў. Аблізаўся і наліў Раману.